Містэр Уільям Ф. Томпсан, намеснік дэкана Гарвардскай Юрыдычнай школы, не паверыў сваім вушам.
— Я не ачуўся, містэр Барэт?
— Не, сэр…
Найцяжэй было гэта сказаць першы раз. Паўтарыць было лягчэй.
— На наступным курсе мне спатрэбіцца стыпендыя, сэр.
— Сапраўды?
— Таму я і прыйшоў да вас, сэр. Вы ж загадваеце фондам фінансавай дапамогі, ці не так?..
— Але, загадваю, толькі неяк дзіўна… Ваш бацька…
— Цяпер ён тут ні пры чым.
— Даруйце? — Містэр Томпсан зняў акуляры і пачаў праціраць іх кончыкам гальштука.
— Паміж намі ўзніклі пэўныя непаразуменні.
Містэр Томпсан зноў надзеў акуляры і паглядзеў на мяне так безвыразна, як могуць глядзець хіба што дэканы ды іхнія намеснікі.
— Гэта вельмі сумна, містэр Барэт, — сказаў ён.
«Для каго?» — ледзь не запытаўся я. Гэты тып пачынаў дзейнічаць мне на нервы.
— Згодны, сэр, — пацвердзіў я. — Вельмі сумна. Таму я цяпер і ў вас… У наступным месяцы я жанюся. Улетку мы з жонкаю будзем працаваць. Потым Джэні, жонка, уладкуецца настаўніцай у прыватную школу. На жыццё мы заробім, але ж трэба яшчэ плаціць за вучобу. А ў вас плата за навучанне, дарагі містэр Томпсан, досыць высокая.
— М-м… высокая, — сказаў містэр Томпсан, але нічога больш не дадаў.
Ён што, не зразумеў, чаго мне ад яго трэба? Якога ж тады чорта, ён думае, я да яго прыйшоў?
— Містэр Томпсан, я хачу атрымаць стыпендыю, — зноў сказаў я яму ў лоб. Трэці ўжо раз. — У банку ў мяне ні цэнта, а я ўжо залічаны ў студэнты.
— М-м… разумею, — марудзіў ён, як раптам знайшоў зачэпку: — Аднак тэрмін падачы заяў на стыпендыю даўно скончыўся.
Што ён хоча з мяне выцягнуць, гэты пацук? Крывавыя падрабязнасці сямейнае драмы Барэтаў? Ці хоча, каб я ў яго тут наскандаліў? Чаго яму трэба ад мяне?!
— Містэр Томпсан, я не мог падаць заяву раней, бо не ведаў, што так здарыцца.
— Я разумею вас, містэр Барэт, аднак змушаны вам сказаць, што не бачу за дэканатам права ўмешвацца ў сямейныя справы. Хоць і, паўтараю, мне сумна ўсё гэта чуць.
— О'кэй, містэр Томпсан, — сказаў я, устаўшы. — Я бачу, да чаго вы хіліце. Але я не збіраюся лізаць пяткі свайму бацьку дзеля таго, каб вашая школа атрымала ўласны Барэт-Хол.
Ужо ідучы да дзвярэй, я пачуў, як намеснік дэкана прамямліў:
— Гэта несправядліва.
Я быў згодны з ім цалкам.