17


Зрабіць дзіцёнка не так ужо і лёгка.

Я маю на ўвазе, ёсць нешта недарэчна-смешнае ў тым, што маладыя людзі, якія ў першыя гады сваіх сексуальных практыкаванняў думаюць адно пра тое, як зрабіць так, каб дзяўчына не зацяжарала (калі пачынаў я, карысталіся ўсё яшчэ прэзерватывамі), потым рэзка пераключаюцца і прыкладаюць усе намаганні, каб дзяўчына зацяжарала.

І гэтая самая мэта можа спакваля ператварыцца ў навязлівую ідэю. Яна можа пазбавіць сама цудоўнае, што ёсць у жыцці шчаслівых сужэнцаў, натуральнасці і непасрэднасці. Я аб праграмаванні (няўдалае, дарэчы, слова — машыннае нейкае). Калі загадзя праграмуеш акт кахання ў адпаведнасці з рознымі правіламі, календарамі, стратэгіяй: «Можа, лепш заўтра ўранку, Олі?» — дык гэты вось цудоўны акт можа выклікаць няёмкасць, гідлівасць, а нарэшце і самы сапраўдны жах.

Бо, калі вы бачыце, што набытыя раней сціплыя ўменні і вашыя (дапусцім) нармальныя здаровыя спробы «пладзіцца-размнажацца» не прыносяць жаданага выніку, вас пачынаюць апаноўваць дужа змрочныя думкі.

— Спадзяюся, Олівэр, ты разумееш, што «стэрыльнасць» не мае нічога агульнага з «вірыльнасцю»? — сказаў доктар Морцімэр Шэпард на нашым першым спатканні, калі мы з Джэні вырашылі нарэшце, што маем патрэбу ў кансультацыі спецыяліста.

— Ён разумее, доктар, — адказала за мяне Джэні, ведаючы і без маіх слоў, што думка пра бясплоднасць — маю гіпатэтычную бясплоднасць — прыгнятала мяне. Мне нават здалося, што ў голасе ў Джэні пачулася надзея: калі і ёсць якое адхіленне, дык толькі ў яе.

Але доктар проста растлумачыў нам, якія могуць быць варыянты, і падрыхтаваў да найгоршага, перш чым сказаць, што ўсё ў нас можа быць у поўным парадку і мы неўзабаве станем шчаслівымі бацькамі. Вядома, мы павінны здаць безліч розных аналізаў. Поўны агляд. (Не буду пераказваць не надта прыемныя падрабязнасці такога руплівага абследавання.)

Аналізы мы здалі ў панядзелак. Джэні — удзень, а я — пасля працы (тымі днямі я ўжо акунуўся ў яе з галавою). У пятніцу доктар Шэпард выклікаў Джэні яшчэ адзін раз, растлумачыўшы, што сястра нешта наблытала і ён мусіць сёе-тое ўдакладніць. Калі Джэні расказала мне пра паўторны візіт да доктара, я западозрыў, што гэтае самае адхіленне… выявілі ў яе. «Сястра, якая нешта там наблытала» — адгаворка досыць банальная.

А калі містэр Шэпард патэлефанаваў мне ў кантору, я ўжо амаль не сумняваўся. Ён папрасіў мяне зайсці да яго заўтра па дарозе дамоў. Як толькі я зразумеў, што Джэні там не будзе («Я гаварыў з місіс Барэт учора ўвечары», — сказаў доктар), падазрэнні мае пачалі ператварацца ва ўпэўненасць. Значыцца, у Джэні не можа быць дзяцей. Але мажліва, Олівэр, дыягназ не канчатковы, паспрабаваў супакоіць мяне доктар — якіх толькі выйсцяў няма: хірургічнае ўмяшанне і гэтак далей.

Аднак працаваць напоўніцу я ўжо, вядома, не мог, таму было неразумна чакаць пяці гадзін. Я патэлефанаваў містэру Шэпарду і папытаўся, ці не прыме ён мяне адразу пасля абеду. Доктар згадзіўся.

— Дык, значыцца, вы ўжо выявілі, хто вінаваты? — папытаўся я, не падбіраючы асцярожліва словы.

— Я не сказаў бы «вінаваты», Олівэр, — адказаў містэр Шэпард.

— Ну, добра, скажам інакш — хто з нас не ў парадку?

— Добра. Джэні.

Я быў больш-менш гатовы да гэтага, аднак безнадзейнасць, якая прагучала ў словах містэра Шэпарда, усё-такі збянтэжыла мяне. Доктар больш нічога не дадаў, і я вырашыў, што ён чакае ад мяне якіхсьці слоў.

— Ну што ж, значыцца, дзеці ў нас будуць прыёмныя. Думаю, галоўнае, што мы кахаем адно аднаго, ці ж не так?

І тады ён сказаў мне:

— Олівэр, праблема нашмат больш сур'ёзная. Джэні вельмі хворая.

— Што значыць «хворая»?

— Яна памірае…

— Гэтага не можа быць, — сказаў я.

Я чакаў, што зараз доктар скажа мне, што гэта проста няўдалы жарт.

— Яна памірае, Олівэр, — паўтарыў ён. — Мне цяжка табе гэта казаць, але гэта так.

Я не мог паверыць яму і ўсё даводзіў, што здарылася нейкая памылка: мажліва, гэтая ідыётка-сястра зноў штосьці пераблытала, дала яму не той рэнтгенаўскі здымак ці што-небудзь такое. Доктар адказаў мне з сама вялікай спагадаю, на якую, мабыць, быў здатны, што аналіз крыві быў паўтораны тройчы. Дыягназ не падлягае сумненню. Зараз ён накіруе нас да спецыяліста-гематолага. А папраўдзе, ён параіў бы…

Я перапыніў яго ўзмахам рукі. Мне патрэбная была хвіліна цішыні. Проста цішыні, каб усвядоміць тое, што здарылася.

— Што вы сказалі Джэні, доктар? — нарэшце папытаўся я.

— Што ў вас абаіх усё ў парадку.

— Яна паверыла.

— Думаю, што паверыла.

— Калі нам прыйдзецца сказаць ёй праўду?

— Цяпер гэта залежыць ад цябе.

Ад мяне! Божа літасцівы, ад мяне цяпер не залежала нічога, я, здавалася, перастаў ужо дыхаць.

Доктар растлумачыў, што медыцына не мае радыкальных сродкаў, каб лячыць тую форму лейкеміі, на якую пакутуе Джэні, — гэтыя сродкі могуць аблегчыць цячэнне хваробы, замарудзіць яе наступ, але толькі не спыніць. Таму цяпер рашэнне залежала ад мяне. Пакуль лячэнне можна было на нейкі час адкласці.

У гэты момант я думаў адно пра тое, якая ж агідная гэтая клятая жудасць.

— Але ж ёй толькі дваццаць чатыры гады! — сказаў, не, мабыць, крыкнуў я доктару.

Доктар спачувальна кіўнуў. Ён не горш ад мяне ведаў узрост Джэні і разумеў, як мне цяпер балюча. Урэшце я ўсвядоміў, што не магу прабыць у кабінеце ў гэтага чалавека ўсё сваё жыццё, і папытаўся ў яго, што мне рабіць… Ён параіў мне паводзіць сябе па мажлівасці як звычайна, быццам нічога і не здарылася, — як мага даўжэй. Я падзякаваў яму і выйшаў на вуліцу. Як звычайна. Быццам нічога і не здарылася.

Усё нармалёва. Нармалёва ўсё!


Загрузка...