Немагчыма даехаць ад Усходняй 63-й вуліцы ў Манхэтэне, Ню-Ёрк, да Бостана, Масачусэтс, хутчэй як за тры гадзіны дваццаць хвілін. Паверце мне, я праверыў гэта сам, калі гнаў па маршруце, і абсалютна перакананы, што ніводны аўтамабіль, наш ці замежны, нават калі за руль сядзе ас кшталту Грэма Хіла, не паб'е гэтага рэкорду. Выехаўшы на Масачусэтскую шашу, я разагнаў свой «МГ» да ста пяці міль у гадзіну.
У мяне была электрабрытва на батарэйках, і я, вядома, дбайна пагаліўся, змяніў, натуральна, кашулю, перш чым увайсці ў храм бізнесу на Стэйт-стрыт. Нават а восьмай гадзіне раніцы ў прыёмнай ужо сядзела некалькі самавітых бостанскіх грандаў дзелавога свету, чакаючы аўдыенцыі ў Олівэра Барэта III. Я і маргнуць не паспеў, як бацькава сакратарка — яна ведала мяне — паведаміла яму пра маё з'яўленне па селектары.
Бацька не перадаў ёй: «Няхай увойдзе», — а сам выйшаў у чакальню.
— Олівэр! — вітаў ён мяне.
Я даўно, праз хваробу Джэні, пачаў звяртаць увагу на знешнасць людзей і цяпер адразу заўважыў, што бацька крыху бледны, што за тыя тры гады, якія мы не бачыліся, валасы ягоныя пасівелі (і, здаецца, парадзелі).
— Заходзь, сын, — сказаў ён.
Я не зразумеў ягонага тону. Проста ўвайшоў у кабінет і сеў у фатэль для наведнікаў.
Мы з бацькам паглядзелі адзін на аднаго, потым нашыя позіркі слізнулі па рэчах, што былі ў пакоі. Мой погляд упаў на ягоны пісьмовы стол, на нажніцы ў скураным футарале, на фатаграфію маці, зробленую шмат гадоў назад. На маю фатаграфію (у дзень заканчэння каледжа).
— Як жыццё, сын? — спытаўся ён.
— Добра, сэр, — адказаў я.
— Як Джэніфэр?
Я не хацеў маніць яму і ўхіліўся ад адказу — хоць галоўнае было менавіта ў ім — і адразу выклаў прычыну майго раптоўнага з'яўлення:
— Бацька, мне трэба тэрмінова пазычыць пяць тысяч долараў. Прычына сур'ёзная.
Ён паглядзеў на мяне. І нібыта кіўнуў. Ці мне так здалося.
— Дык што за прычына?..
— Я не магу сказаць табе, бацька. Проста пазыч мне грошай. Калі ласка.
У мяне было такое адчуванне — калі, вядома, з Олівэрам Барэтам III можна кантактаваць на ўзроўні пачуццяў, — што ён пазычыць мне грошай. А яшчэ я адчуў, што ў яго няма жадання ўшчуваць мяне. А вось… пагаварыць хочацца.
— Хіба Джонас і Марш не плацяць табе?
— Плацяць, сэр.
Мне так і карцела сказаць яму, колькі мне плацяць — хай бы ведаў, што тут я рэкардсмен сярод выпускнікоў. Аднак потым я падумаў: раз ён ведае, дзе я працую, дык пэўна ведае, і колькі я зарабляю.
— Апрача таго, яна выкладае?
Значыцца, усяго ён не ведае, падумаў я і сказаў:
— Не называй яе «яна».
— Джэні ж выкладае? — спытаўся ён цяпер ужо пачціва.
— Калі ласка, не ўмешвай у гэта яе, бацька. Справа датычыць толькі мяне. Вельмі важная асабістая справа.
— Якая-небудзь гісторыя з дзяўчынай? — спытаўся ён без намёку на асуджэнне.
— Але, — сказаў я. — Але, сэр. Так яно і ёсць. Дай мне грошай. Прашу цябе.
Я ні на момант не падумаў, што ён мне паверыў. Не думаю нават, што ён хацеў ведаць сапраўдную прычыну. Я ўжо сказаў, што ён пачаў распытваць мяне, каб проста… пагаварыць са мною.
Ён высунуў шуфляду стала і дастаў чэкавую кніжку ў вокладцы з кордаўскай каляровае скуры — рыхтык такой, з якое былі зроблены дзяржак сцізорыка і футарал для нажніц. Ён разгарнуў кніжку павольна, не дзеля таго, каб памучыць мяне, не думаю — проста ён хацеў выйграць час. Знайсці што сказаць мне. Што-небудзь някрыўднае.
Ён выпісаў чэк, вырваў яго з кніжкі і працягнуў мне. Праз нейкую секунду да мяне дайшло, што мне трэба было працягнуць сваю руку насустрач ягонай. Ён сумеўся (так мне здалося), рэзка адвёў руку назад, паклаў чэк на край стала, зірнуў на мяне і кіўнуў. Твар ягоны ўсё роўна як гаварыў: «Вось, вазьмі, сын». Аднак на самай справе ён толькі кіўнуў.
Не тое што я хацеў пайсці, не — я таксама не мог прыдумаць якогасьці нейтральнага працягу размовы. І разам з тым нельга было сядзець вось так і далей, адчуваючы жаданне штосьці сказаць і адначасна баяцца нават зірнуць адзін аднаму ў вочы.
Я падаўся ўперад і ўзяў чэк. Але, роўна пяць тысяч долараў, падпісана Олівэрам Барэтам III. Чарніла яшчэ не паспела высахнуць. Я рупліва склаў чэк і паклаў у кішэню кашулі, потым падняўся і паволі пайшоў да дзвярэй. Варта было сказаць яму хоць што-небудзь: маўляў, я разумею, што дзеля мяне змусілі праветрывацца ў чакальні некалькі вельмі паважаных бостанскіх, а можа, нават і вашынгтонскіх бізнесменаў. І дадаць, што калі нам усё-такі ёсць пра што пагаварыць, дык я мог бы, бацька, пабадзяцца які час вакол ягонага офіса, а ён адмовіўся б ад абеду з якойсьці самавітай персонаю… і гэтак далей…
Прачыніўшы дзверы і спыніўшыся ля іх, я ўзяў сябе ў рукі і сказаў, гледзячы яму ў самыя вочы:
— Дзякуй, бацька.