2


Олівэр Барэт IV,

Іпсвіч, Масачусэтс

Узрост: 20 гадоў

Рост: 5 футаў 11 цаляў; вага: 185 фунтаў

Каледж: Філіпс Эксэтэр

Курс: выпускны

Асноўная дысцыпліна: грамадскія навукі

Будучая спецыяльнасць: юрыспрудэнцыя

У спісе дзесяці лепшых на курсе: 1961, 1962, 1963.


Да гэтага моманту Джэні пэўна ўжо прачытала маю біяграфію: я тройчы нагадаў Віку Клэйману, нашаму менеджэру, каб ён перадаў ёй праграмку.

— Дальбог, Барэт, — сказаў ён мне адразу, — можна падумаць, у цябе першае дзяўчо!

— Заткніся, Вік, а то сваімі зубамі падавішся!

На размінцы я не памахаў ёй рукою (яшчэ чаго не хапала!). Нават у яе бок ні разу не глянуў. І ўсё-такі яна, мабыць, думала, што я пазіраю на яе. Не з павагі ж да сцяга зняла яна акуляры, калі выконвалі нацыянальны гімн?

У сярэдзіне другога перыяду мы выйгравалі ў Дартмута 0:0. Гэта значыць, Дэйві Джонстан і я павінны былі вось-вось распячатаць іхнюю брамку. Зялёныя казлы (у Дартмута зялёная форма) гэта адчулі і пачалі валіць нас. Яны маглі б пераламаць нам косці, перш чым мы пераломім іхнюю абарону. Фаны лямантавалі, прагнучы крыві. У хакеі гэта азначае кроў у прамым сэнсе альбо, як з крывёю не атрымаецца, — гол. Як кажуць, lа nоblesse oblige[4], і я ніколі не прымушаў доўга заўзятараў чакаць ні таго, ні другога.

Дартмуцкі нападнік-цэнтравік ірвануўся ў нашую зону, але я ўрэзаўся ў яго, адабраў шайбу і кінуўся наперад. Фаны зараўлі. Я ўбачыў злева ад сябе Дэйві Джонстана, але вырашыў забіваць сам: памятаў, што варатар у іх баязлівы — я нагнаў на яго страху, калі ён яшчэ гуляў за «Дырфілд». Але кінуць я не паспеў: на мяне наскочылі абодва дартмуцкія абаронцы, і, каб не страціць шайбу, я мусіў праехаць за брамку. Утрох мы сышліся за спінаю ў варатара і ўпячаталі адзін аднаго да борта. Мая звычайная тактыка ў такіх заварушках — уклейваць з усяе сілы па ўсім, што ў колеры праціўніка. Недзе ў нас пад канькамі мільгала шайба, але нам было не да яе — мы зацята выбівалі адзін з аднаго духі.

Рэферы засвістаў:

— Дзве хвіліны штрафу!

Я ўзняў вочы. Паказваў ён на мяне. Я? Што я такога зрабіў, каб мяне выдаляць?

— Што я зрабіў, рэф?

Аднак выдавала на тое, што настрою прадоўжыць наш дыялог суддзя не меў. Ён пад'ехаў да судзейскага століка, пракрычаў: «Нумар сем, дзве хвіліны!» — і паказаў рукамі, за што менавіта выдаляе мяне.

Я крыху паспрачаўся — такая ўжо завядзёнка. Якое б грубае ні было парушэнне, заўзятары чакаюць пратэстаў. Але суддзя адмахнуўся ад мяне, і я, перапоўнены абурэннем, пакаціўся да лавы штрафнікоў. Сеў на месца, звякнуўшы канькамі аб падлогу, і пачуў, як дынамікі гаркнулі на ўсю залу: «Олівэр Барэт, каманда Гарварда, выдалены на дзве хвіліны за затрымку суперніка». Трыбуны незадаволена загудзелі. Некалькі гарвардскіх заўзюкоў зараўлі, выказваючы сумленне ў добрым зроку ды справядлівасці арбітраў. Спрабуючы аддыхацца, я апусціў галаву і нават краем вока не глядзеў на лёд, дзе Дартмут мясіў нашых.

— Ты чаму тут адседжваешся, калі твае таварышы гуляюць? — пачуў я раптам голас Джэні.

Аднак не адказаў і пачаў падтрымліваць сваіх:

— Трымайцеся, хлопцы, спакайней!

— Чым ты правініўся?

Я азірнуўся і адказаў — усё ж такі Джэні прыйшла на матч дзеля мяне.

— Перастараўся крыху, — кінуў я і зноў прыліп вачыма да пляцоўкі, назіраючы за тым, як нашы спрабуюць стрымаць нападніка Дартмута.

— Гэта ганьба табе?

— Джэні, прашу цябе, мне трэба сабрацца.

— Сабрацца?

— Каб змяць гэтага казла, калі выйду на лёд, — кіўнуў я на лепшага нападніка Дартмута і зноў пачаў назіраць за гульнёю, ірвучыся ў чаканы бой.

— Ты любіш брудную гульню?

Погляд мой быў прыкуты да нашае брамкі, вакол якой так і кішэлі зялёныя казлы. Не было ўжо болей сілы чакаць выхаду на лёд. Але Джэні ўпарцілася:

— Можа, ты і мяне калі-небудзь захочаш «змяць»?

— Зараз жа, калі не змоўкнеш.

— Вось як? Бывай.

Калі я азірнуўся, яна ўжо знікла. Я падняўся, шукаючы яе вачыма, але пачуў у гэты момант, што скончыліся дзве мае штрафныя хвіліны, перамахнуў цераз борт і выскачыў на лёд.

Трыбуны гучна віталі маё вяртанне: з Барэтам гульня заладзіцца. Дзе б ні была цяпер Джэні, усё адно пачуе, як ажылі заўзятары пасля майго выхаду. А раз так, дык каго хвалюе, дзе яна цяпер?

Але дзе ж яна!..

Нападнік дартмутцаў зрабіў гарматны кідок, але наш варатар адбіў шайбу — і адбіў у бок нашага абаронцы, які кінуў яе ўперад мне на ход. Ірвануўшы за шайбай, я вырашыў, што ў мяне ёсць доля секунды, каб зірнуць на трыбуны і адшукаць Джэні. Так я і зрабіў. І адразу ўбачыў яе. Яна засталася.

У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбізаў урэзаліся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе і — Божа! — не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалілі!.. Гарвардскія заўзятары стагналі ад крыўды, дартмуцкія раўлі: «Душы іх! Душы іх!»

Што яна там думае?!

Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкі. Наш варатар зноў адбіў шчаўчок, і абаронца пракінуў шайбу мне. Фаны аж шалелі. Трэба забіваць! Я падхапіў шайбу і на ўсёй хуткасці ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылі на мяне.

— Уперад, Олівэр, уперад! Урэж ім па чарапах! — перакрыў роў трыбун пранізлівы, нават ваяўнічы енк Джэні.

Я ўхіліўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, і потым, замест таго каб кінуць у падзенні, што было найбольш верагодным маім ходам, аддаў пас Дэйві Джонстану, які накатваўся справа, — і ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!

Мы адразу кінуліся абдымацца — я, Джонстан, астатнія хлопцы. Ціскалі адзін аднаго, ляпалі па спіне, цалаваліся і падскоквалі. Нашы заўзятары зайшліся ад рову. А дартмуцкі абаронца, той самы, якога я збіў з ног, усё яшчэ не мог адклеіць зад ад лёду. Заўзятары кідалі на лёд праграмкі. Гэты ўдар літаральна пераламаў зялёным хрыбет…

У выніку мы размалацілі іх — 7:0.

Калі б я быў сентыментальны і захацеў павесіць на сцяну фатаграфію на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памінання, не якісьці іншы славуты будынак, а Дзілан-Філд-Хаўс. Калі і было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзілан-Філд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. І няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бібліятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзілан. Кожнага вечара, усе мае ўніверсітэцкія гады, я ўваходзіў пад ягоны дах, вітаў прыяцеляў моцнымі слоўцамі, скідаў з сябе шалупінне цывілізацыі і ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна — нацягнуць шчыткі і кашулю з нумарам «7» (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна — аднак марна), устаць на канькі і нязграбна пасунуцца па калідоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.

Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзілан з гульні: здымаеш з сябе мокрую ад поту амуніцыю і тупаеш голы да століка з чыстымі ручнікамі.

— Ну як табе сёння, Олі?

— Нармалёк, Рычы. Нармалёк, Джымі.

Потым пад душ, паслухаць, хто, што, з кім і колькі разоў зрабіў у гэтую вечаровую суботу: «Ну, як мы абулі гэтых дзятлаў?..» Я быў лідэрам, і ў мяне было месца, дзе я мог пабыць адзін і падумаць. Лёс блаславіў мяне хворым каленам (але, блаславіў: вы бачылі мой вайсковы білет?), і пасля кожнае гульні мне прыходзілася паласкаць яго ў цыркулярнай ванне. Седзячы на краі ванны і назіраючы за водаваротам вакол свайго калена, я пералічваў сінякі і раны (я рады ім своеасабліва) і думаў пра што ні ўздумаецца ці ні пра што не думаў. Сёння ўвечары я думаў пра свой гол, пра перадачу, з якой мы забілі другі, і пра тое, што фактычна закончыўся мой трэці запар сезон у зборнай універсітэта.

— Палошчаш каленца, Олі?

Гэта гаворыць Джэкі Фэлт, наш трэнер і самазваны духоўны настаўнік.

— Палашчу, Джэкі, калі збоку гэта не выдае на штось іншае.

Фэлт хмыкае і па-ідыёцку ўхмыляецца:

— Сказаць табе, чаму цябе падводзіць каленца, Олі? Хочаш ведаць?

Я аб'ехаў ужо ўсіх артапедаў на Ўсходнім узбярэжжы, але Фэлт, натуральна, быў у курсе маёй бяды лепш за мяне.

— Харчуешся няправільна, во што.

Мне гэта цікавым не здалося.

— Мала солі ясі.

Можа, калі прыму яго жарт, дык хутчэй адстане?

— О'кэй, Джэк. Буду есці болей солі.

Божа літасцівы, які ж задаволены ён быў! Калі адыходзіў, дык ягоная ідыёцкая пыса так і ззяла ад усведамлення зробленага эфекту. Затое я зноў застаўся адзін. Саслізнуў усім целам у бурлівую ваду, заплюшчыў вочы і акунуўся па самую шыю ў цяплынь. Уф-ф-ф!

Божа! Джэні ж, напэўна, чакае мяне на дварэ. Дакладней, я спадзяваўся, што чакае. Божа! Колькі ж часу пракайфаваў я ў гэтай цеплыні, пакуль яна мерзла? Адзяваючыся, я паставіў новы рэкорд хуткасці. Дзверы цэнтральнага ўваходу ў Дзілан я расчыніў яшчэ не абсохлы.

У твар мне ўдарыла халоднае паветра. Ну і калатун! А цемрадзь, хоць пальцам у вока. Непадалёк усё яшчэ тусавалася жменька фанаў — сама стойкіх, у бальшыні сваёй былых гульцоў гарвардскай хакейнай зборнай, якія ў душы так і не развіталіся з клюшкамі. Хлопцы накшталт старога Джордана Джэнкса, які не прапускае аніводнае гульні Гарварда — ні дома, ні ў гасцях. І як ён толькі ўхітраецца гэта рабіць? Ён жа буйны банкір. І навошта яму гэта трэба?

— Дасталося табе сёння, Олівэр!

— Было, містэр Джэнкс. Самі бачылі, у які хакей яны гуляюць.

Я шнарыў вачыма вакол у пошуках Джэні. Няўжо яна вярнулася ў інтэрнат і ўсю дарогу да Рэдкліфа прайшла адна?

— Джэні! — паклікаў я і ступіў колькі крокаў у бок ад заўзятараў, адчайна спрабуючы хоць што-небудзь разгледзець у цемры.

Раптам яна выйшла з-за дрэва. Твар яе быў ухутаны ў шалік, адны вочы былі відаць.

— Эй, падрыхтунчык, тут страшэнная халадэча.

Як я быў рады бачыць яе! Усклікнуўшы: «Джэні!» — падбег да яе і дакрануўся вуснамі да яе халоднага лба.

— Хіба я табе дазволіла? — спыталася яна.

— Што?

— Хіба я дазволіла табе пацалаваць мяне?

— Прабач. Захапіўся.

— А я не.

Мы засталіся зусім адны. Было цёмна, халодна і позна. Я зноў пацалаваў яе. Але ўжо не ў лоб — і моцна. Пацалунак быў доўгі.

— Мне гэта не падабаецца, — прамармытала Джэні; усё яшчэ трымаючы мяне за рукавы.

— Што?

— Што мне гэта падабаецца.

Усю дарогу назад (у мяне ёсць машына, але Джэні захацела ісці пешкі) яна трымала мяне за рукаў. Не за руку, а за рукаў. Не ведаю, як гэта і растлумачыць. Ля дзвярэй інтэрната цалаваць яе на развітанне я не стаў.

— Ведаеш, Джэні, мажліва, я не буду тэлефанаваць табе некалькі месяцаў.

Нейкі час яна маўчала. Нарэшце папыталася:

— Чаму?

— А можа, пазваню, як толькі ўвайду ў свой пакой. — Я павярнуўся і хутка пайшоў.

— Ніколі не думала, што ты такі, — прашаптала яна ўслед з крыўдаю.

Я зноў павярнуўся і зрабіў пераможны кідок па брамцы:

— Што, не даспадобы? А сама дык з іншымі гэта любіш!

Мне страшна хацелася азірнуцца яшчэ раз і паглядзець, які ў яе цяпер выраз твару, аднак я не зрабіў гэтага з тактычных меркаванняў.

Калі я ўвайшоў у наш інтэрнацкі нумар, мой сусед Рэй Стратан гуляў у покер з хлопцамі з ягонай футбольнай каманды.

— Прывітанне, бегемоты!

Мне штосьці мыкнулі ў адказ. Потым:

— З чым цябе сёння павіншаваць, Олі?

— Гол і перадача.

— Мы наконт Кавілеры.

— Не ваша справа, — адрэзаў я.

— Хто такая? — запытаўся адзін з гіпапатамаў.

— Джэні Кавілеры, — растлумачыў яму Рэй, — худзенькая такая музыкантка.

— А, ведаю, — сказаў трэці. — Апетытненькая.

Не зважаючы на гэтых мужланістых казлоў, я разблытаў тэлефонны шнур і панёс апарат у сваю спальню.

— Яна грае на фартэпіяна ў Бахаўскім таварыстве, — сказаў астатнім Стратан.

— А ў што яна грае з Барэтам?

— Цяжка ўгадаць!

Ухмылкі, рохканне, рогат.

— Джэнтльмены! — аб'явіў я, выходзячы. — Я вас меў!

Грымнуўшы дзвярыма перад новай хваляю нечалавечага слоўнага паносу, я скінуў чаравікі, узлез на ложак і набраў нумар Джэні.

Размаўлялі мы шэптам:

— Эй, Джэн…

— Алё?

— Мне трэба нешта табе сказаць…

Я завагаўся. Яна чакала.

— Мне здаецца… Я кахаю цябе.

Маўчанне. Потым яна адказала вельмі ціха:

— Ідзі ты… ведаеш куды!.. — І павесіла слухаўку.

Я не пакрыўдзіўся. І нават не здзівіўся.


Загрузка...