18


Я пачаў думаць пра Бога.

У сама патаемныя куткі маёй свядомасці закрадалася думка пра нейкую Вышэйшую істоту, якая жыве дзесьці не ўва мне. Не, мяне не апаноўвала жаданне кінуцца на яго з кулакамі, адпомсціць за тое, што ён збіраўся зрабіць са мною — дакладней, з Джэні. Мае рэлігійныя пачуцці былі зусім іншыя. Калі я прачынаўся ўранку, побач са мною была Джэні. Па-ранейшаму побач. І я спадзяваўся, хоць і адчуваў пры гэтым пэўную няёмкасць, што недзе ёсць Бог, якому я мог падзякаваць. Дзякую Табе, літасцівы Творца, за тое, што, прачынаючыся, я бачу побач з сабою Джэніфэр.

Я з усяе сілы стараўся паводзіць сябе як звычайна і таму, вядома, дазваляў ёй самой гатаваць сняданкі і гэтак далей.

— Ты сустракаешся сёння са Стратанам? — спыталася яна, калі я даядаў другую талерку аўсянкі.

— З кім? — папытаўся я, не расчуўшы.

— З Рэймандам Стратанам, — паўтарыла яна, — тваім найлепшым сябрам. Тваім суседам па інтэрнацкім пакоі — да таго, як з'явілася я.

— А-а… Ага, мы збіраліся гуляць у сквош. Але, відаць, я не пайду.

— Лухта.

— Што, Джэн?

— Ты не павінен прапускаць гульні, падрыхтунчык. Я не хачу, каб у мяне быў кволы муж, разумееш?!

— О'кэй, — сказаў я, — але давай тады папалуднуем дзе-небудзь у цэнтры.

— Навошта? — папыталася яна.

— Што значыць «навошта»? — узняў я голас, спрабуючы напусціць на сябе незадаволены выгляд. — Магу я звадзіць сваю жонку ў рэстаран ці не?

— Ну вось што, Барэт. Прызнавайся, хто яна. Як яе зваць? — раптам папыталася Джэні.

— Каго?

— Слухай, — утупілася яна ў мяне, — раз ты ні з таго ні з сяго цягнеш мяне ў рэстарацыю пасярод тыдня, значыцца, нехта ў цябе з'явіўся!

— Джэніфэр! — зароў я, цяпер раззлаваўшыся ўжо па-сапраўднаму. — Я не пацярплю такіх размоў у нас дома за сняданкам!

— Добра, тады пагаворым у нас дома за абедам. Я згатую яго, пакуль ты вернешся.

— О'кэй.

І я сказаў гэта самому Богу, хто б ён ні быў, дзе б ні знаходзіўся, што я з радасцю згаджуся, каб усё засталося, як ёсць. Няхай я буду пакутаваць, сэр Усявышні, я зусім не супраць, няхай я буду ведаць усё, толькі каб не ведала гэтага «ўсяго» Джэні. Ты чуеш мяне, сэр Усявышні? Назаві сваю цану.

— Олівэр!

— Слухаю, містэр Джонас.

Ён выклікаў мяне да сябе ў кабінет.

— Ты знаёмы з справаю Бэка?

Ведама ж, знаёмы! Робэрт Бэк працаваў фатографам у «Лайфе». Калі ён спрабаваў зняць масавыя хваляванні ў Чыкага, «выжлы» ледзь духі з яго не выбілі. Джонас лічыў гэтую справу адной з найважнейшых для фірмы.

— Я ведаю, што паліцэйскія страшэнна яго аддубасілі, сэр, — адказаў я…

— Я хачу, каб ты заняўся гэтай справаю, Олівэр, — сказаў містэр Джонас.

— Я адзін?

— Можаш узяць з сабою каго-небудзь з маладзейшых, — адказаў ён.

Маладзейшых? Маладзейшага за мяне ў фірме нікога не было. Але я, вядома, зразумеў падтэкст: «Олівэр, нягледзячы на твой узрост, у нашай фірме ты ўжо адзін з старэйшых. Адзін з нас, Олівэр».

— Дзякуй, сэр, — сказаў я.

— Калі ты зможаш выехаць у Чыкага? — спытаўся ён.

Ад самага пачатку я вырашыў нікому нічога не гаварыць, вынесці ўвесь гэты цяжар на сваіх плячах. Таму давялося вярзці старому чалавеку ўсялякую лухту (не памятаю нават, што менавіта) — маўляў, ніяк не магу паехаць цяпер з Ню-Ёрка, сэр. Я спадзяваўся, што ён зразумее. Але містэр Джонас быў відавочна засмучаны такім маім адказам на выключны давер з боку фірмы. О, Божа, дарагі містэр Джонас, каб толькі вы ведалі праўду!..

Парадокс, аднак цяпер Олівэр Барэт IV, калі яму здаралася пайсці з офіса раней як звычайна, вяртаўся дамоў пазней.

Я займеў звычку доўга стаяць перад вітрынамі магазінаў на Пятай авеню, разглядваючы ўсялякія дарагія экстравагантныя забаўкі, якія я мог бы купіць Джэніфэр, калі б мне не трэба было рабіць выгляд, што ўсё ў нас… нармалёва.

А яшчэ мне, вядома, было страшна ісці дамоў. Бо праз некалькі тыдняў пасля таго, як я даведаўся праўду, Джэні пачала худзець. Не, пахудзела яна зусім не нашмат і, можа, нават сама нічога не заўважыла, але я, ведаючы, што адбываецца, прыкмеціў гэта.

Разглядваў я і вітрыны авіякампаній: Бразілія, Карыбы, Гаваі («Кіньце ўсё — ляціце да сонца!») і гэтак далей…

Таго дня «Трансуорд Эрлайнз» рэкламавала Эўропу ў міжсезонне: «У Лондан па пакупкі!», «Парыж — горад закаханых!»…

І згадалася:

«— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?

— А як жа нашае вяселле?

— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?

— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.

— Ты хочаш ажаніцца са мною?

— Хачу.

— Чаму?..»

Я лічыўся ў банку фантастычна перспектыўным кліентам і ўжо меў крэдытную картку «Дайнэр Клаб». Так, распісваемся ўздоўж пункцірнай лініі. Раз! І ў руках у мяне два білеты першага класа (гуляць дык гуляць!) на самалёт у Горад Закаханых.

Калі я прыйшоў дамоў, Джэні была вельмі бледная і нездаровая, але я спадзяваўся, што мая адмысловая ідэя верне на яе шчокі румянец.

— Угадайце, місіс Барэт, што ў мяне за сюрпрыз вам.

— Ты вылецеў са службы, — «угадала» мая жонка-аптымістка.

— Не вылецеў, а лячу. І разам з табою, — паказаў я ёй білеты. — Уверх, уверх — і далёка. Заўтра ўвечары ў Парыж.

— Лухта, Олівэр, — сказала яна ціха. Аднак мякка, без звычайнае насмешкі. Нават з нейкай пяшчотаю — Лухта, Олівэр.

— Эй, што гэта значыць — «лухта»? Растлумач, калі ласка.

— Гэта значыць, Олі, — зноў ціха сказала яна, — што ўсё будзе зусім інакш.

— Што — будзе інакш?

— Я не хачу ў Парыж. Мне не патрэбны Парыж. Мне патрэбны адзін ты…

— Ну, гэта табе гарантавана, крошка, — перапыніў я яе з прытворнай весялосцю.

— А яшчэ мне патрэбны час, — прадоўжыла яна, — якога ты не можаш мне даць.

Тады я паглядзеў ёй у вочы. У іх была невыразная роспач. Зразумелая мне аднаму. Яна нібыта прабачэння прасіла. Прасіла ў мяне.

Мы стаялі моўчкі, абняўшыся. Божа, калі нехта з нас заплача, няхай тады заплача і другі! Аднак лепш, каб ніхто.

Неўзабаве Джэні расказала, што адчула сябе «зусім пагана» і зноў пайшла да доктара — не парады прасіць, папытацца: «Скажыце мне нарэшце, што са мною адбываецца, скажыце дзеля ўсяго святога!»

І ён сказаў.

У мяне з'явілася дзіўнае пачуццё віны за тое, што не я першы зрабіў гэта. Яна здагадалася і наўмысна пачала вярзці нейкую лухту.

— Ён з Ейла, Олі.

— Хто — ён, Джэн?

— Акерман. Гематолаг. Самы сапраўдны ейлец. Такіх толькі там сустрэнеш.

— А-а, — працягнуў я, разумеючы, што яна хоча неяк аблегчыць гэтую жудасную хвілю. І ў тон ёй папытаўся: — Але чытаць і пісаць ён, прынамсі, умее?

— Гэта яшчэ трэба высветліць, — усміхнулася місіс Барэт, выпускніца Рэдкліфа 1964 года. — Але гаварыць ён умее, у гэтым я ўпэўнілася. А мне якраз пагаварыць і хацелася.

— Тады даруй гэтаму ейльскаму лекару, што ён адтуль. О'кэй?

— О'кэй.


Загрузка...