6


Выдатны хлопец — Рэй Стратан.

Можа, ён не геній і не вялікі футбаліст (крыху запаволены), але сябра ён надзейны — лепшага суседа па інтэрнацкім нумары не знайсці. Як жа ён, бядак, мучыўся праз мяне на апошнім курсе! Куды хадзіў займацца, калі натыкаўся на гальштук, які вісеў на дзвярной ручцы, што азначала: «Я не адзін». Можа, займацца тым часам ён і не збіраўся, аднак калі-нікалі яму ўсё ж такі прыходзілася гэта рабіць. Мабыць, ён хадзіў тады ў бібліятэку ці нават у студэнцкі клуб. Але дзе ж ён спаў у тыя ночы з суботы на нядзелю, калі мы з Джэні ігнаравалі інтэрнацкія парадкі і яна заставалася ў мяне да ранку? Рэй змушаны быў шукаць дзе пераспаць — прасіцца да суседзяў на вольную канапу, калі тая, вядома, не была гэтаксама занятая. Добра хоць, што найчасцей гэта здаралася пасля заканчэння футбольнага сезона. І, натуральна, я зрабіў бы дзеля яго тое самае.

Але што ж ён меў за гэта ад мяне ва ўзнагароду? У былыя часы я дзяліўся з ім усімі падрабязнасцямі сваіх любоўных перамог. Аднак цяпер ён быў не толькі пазбаўлены сваіх неад'емных правоў сябра на суперажыванне — больш таго, я нават не прызнаўся яму, што мы з Джэні — каханкі. Я проста казаў яму, калі нам спатрэбіцца пакой, а ўжо навошта — мусіў здагадвацца ён сам.

— Барэт, дык спіш ты з ёю ці не? — дапытваўся Рэй.

— Рэйманд, я цябе як сябра прашу: не пытайся.

— Вы ж з ёю адсюль днямі і начамі не вылазіце. Чым тут так доўга можна займацца?

— Тады навошта пытацца, Рэй?

— Бо ў гэтым ёсць нешта нездаровае.

— Што менавіта?

— Ды ўсё, Ол. Раней у цябе такога ніколі не было. Раней ты дзядзьку Рэю ўсё выкладваў. Ведаеш, непрыгожа гэта неяк. Дальбог, гэта нешта ў цябе хваравітае. Ну што ты ў ёй знайшоў асаблівага?

— Паслухай, Рэй, калі прыходзіць сапраўднае каханне…

— Каханне?

— Не прамаўляй гэтае слова брудна.

— Каханне? У тваім узросце? Дзед, мне за цябе страшна.

— Чаму ж гэта? Баішся, што з'еду з глузду?

— Баюся за тваю халасцяцкую свабоду… За жыццё тваё баюся!

Нябога Рэй. І праўда перапалохаўся.

— Баішся страціць добрага суседа?

— Як наконт страціць — не ведаю. А вось знайсці — дык ужо знайшоў. Суседку. Яна тут ужо, лічы, пасялілася.

Я якраз збіраўся на канцэрт, дык пара было канчаць гэтую гамонку.

— Добра, не бядуй, Рэйманд. Ноймем кватэру ў Ню-Ёрку, будзем цёлак мяняць кожную ноч. Усё пераспрабуем.

— Як гэта — «не бядуй»? Барэт, я ж бачу, што яна цябе абкруціла.

— Сітуацыя цалкам пад маім кантролем, — адказаў я. — Супакойся.

Папраўляючы гальштук, я рушыў да дзвярэй. Але Стратан ніяк не мог суняцца:

— Олі!

— Што?

— Дык вы з ёй спіце?.. Спіце ж?

— О Божа!..

На гэтым канцэрце Джэні не сядзела побач са мною — яна была на сцэне. Аркестр Бахаўскага таварыства выконваў у Данстэрскім каледжы Пяты Брандэнбургскі канцэрт, і Джэні саліравала на клавесіне. Вядома, я ўжо шмат разоў слухаў, як яна іграе, аднак ніколі — з аркестрам і на публіцы. Божа, мяне проста распірала з гонару. Я не заўважыў у яе выкананні аніводнае хібы.

— Ты нават уявіць сабе не можаш, як файна ты іграла, — сказаў я ёй пасля канцэрта.

— Дужа ты разбіраешся ў музыцы, падрыхтунчык.

— Дастаткова разбіраюся.

Мы стаялі ў двары каледжа. Быў такі красавіцкі вечар, калі ўжо верыш, што нарэшце вясна дабярэцца і да Кембрыджа. Калегі Джэні праходжваліся паблізу, у тым ліку і Марцін Дэвідсан, які выстрэльваў вачыма ў мой бок зарады нянавісці, і таму я не стаў спрачацца з Джэні наконт цяжкасцей ігры на клавішных інструментах.

Неўзабаве мы прайшлі цераз Мемарыяльныя прысады да берага ракі.

— Глядзі на рэчы цвяроза, Барэт, прашу цябе. Я іграю нармальна. Але не выдатна. Нават не на ўзроўні тваёй хакейнай зборнай, калі рабіць параўнанні. Усяго толькі нармальна. Падумай і згадзіся.

Як я мог спрачацца з ёю, калі яна ці не ўпершыню на маёй памяці не задзірала носа.

— Добра. Згаджаюся. Ты іграеш нармальна. Я толькі хацеў сказаць, што ты павінна працягваць іграць.

— Божа, а хто сказаў, што я не хачу працягваць іграць? Дзеля гэтага ж я і збіраюся займацца ў Надзі Буланжэ.

Гэта яшчэ што за навіна? Па тым, як Джэні асеклася, я адразу зразумеў, што яна прагаварылася.

— У каго? — запытаўся я.

— У Надзі Буланжэ. Гэта знакаміты педагог. Жыве ў Парыжы. — Апошнія словы яна прамовіла даволі таропка.

— У Парыжы? — запытаўся я, але ўжо досыць павольна.

— Яна набірае з Амерыкі вельмі мала вучняў. Мне страшэнна пашэнціла. І стыпендыя будзе вялікая.

— Джэніфэр… Ты ад'язджаеш у Парыж?

— Я ніколі не была ў Эўропе. Дачакацца не магу паездкі.

Я схапіў яе за плечы. Можа, занадта груба, не ведаю.

— І даўно ты так вырашыла?

Упершыню за ўвесь час нашага знаёмства яна не змагла глядзець мне ў вочы.

— Олі, ну сам падумай, — сказала яна. — Гэта непазбежна.

— Што — «непазбежна»?

— Мы атрымліваем дыпломы, і кожны ідзе сваім асобным шляхам. Ты паступіш у Юрыдычную школу.

— Чакай. Ты думаеш, што ты кажаш?

Цяпер яна паглядзела мне ў вочы. Твар у яе быў сумны.

— Олі, ты будучы мільянер, а я сацыяльны нуль.

Я ўсё яшчэ трымаў яе за плечы.

— Ну што ты раптам пра нейкія асобныя шляхі? Мы ўжо разам, мы шчаслівыя.

— Олі, прашу цябе зноў, падумай добра, — паўтарыла яна. — Гарвард — гэта ўсё роўна як торба з падарункамі ў Санта-Клаўса. Напхаць туды можна чаго толькі хочаш, хоць сама вар'яцкіх цацак. Але калі свята канчаецца, цябе вытрасаюць з гэтай торбы… — Яна запнулася. — …і тады трэба сунуцца на сваё месца.

— Ты хочаш сказаць, што ты збіраешся пячы булкі ў свайго таты ў Крэнстане, штат Род-Айлэнд?

Я плёў абы-што.

— Пірожныя, — паправіла яна. — І не трэба смяяцца з майго бацькі.

— Не пакідай мяне, Джэні. Прашу цябе.

— А як жа мая стыпендыя? Як Парыж, якога я ніколі ў жыцці не бачыла?

— А як жа нашае вяселле? — Я сказаў гэта, хоць у той момант не зусім быў упэўнены ў тым, што адчуваў.

— А хіба мы калі-небудзь гаварылі пра вяселле?

— Я пра яго кажу. Я. Цяпер.

— Ты хочаш ажаніцца са мною?

— Хачу.

Яна схіліла галаву набок і запыталася — проста, не ўсміхнуўшыся, аднак з вялікай дапытлівасцю ў вачах:

— Чаму?

Я зазірнуў ёй у самыя вочы:

— А таму што.

— О-о, — сказала яна. — Дужа грунтоўная прычына.

Яна ўзяла мяне за руку (не за рукаў, як зазвычай), і мы моўчкі пайшлі ўздоўж ракі. А пра што яшчэ было нам гаварыць?


Загрузка...