«Змена адраса:
З 1 ліпеня 1967 года містэр і місіс Барэты пражываюць па адрасе: Ню-Ёрк, Усходняя 63-я вуліца, 263».
— Тут усё нейкае нуварышаўскае, — пажалілася мне Джэні.
— Дык мы ж і ёсць нуварышы, — усміхнуўся я.
Мой і без таго трыумфальны настрой паляпшала яшчэ адна акалічнасць: штомесячны ўзнос за маю новую машыну амаль раўняўся той суме, якую мы плацілі за ўсю нашую кембрыджскую халупу, няхай на яе ліха! Каб дайсці ад дому, дзе мы пасяліліся, да канторы «Джонас і Марш», мне трэба было хвілін сама болей дзесяць (ды не дайсці, а прадэфіліраваць — цяпер я больш любіў перамяшчацца менавіта так); гэтаксама блізка месціліся шыкоўныя магазіны накшталт бонуіцкіх ды іншыя. Я настойваў, каб жонка неадкладна адкрыла ў гэтых салонах рахункі і пачала расходаваць грошы.
— Навошта, Олівэр?
— А таму, Джэні, што я хачу, каб ты хадзіла менавіта туды!
Я ўступіў у ню-ёркскі Гарвард-клуб, куды мяне рэкамендаваў Рэй Стратан, які вярнуўся нядаўна з вайны, зрабіўшы колькі стрэлаў па в'етконгаўцах. («Можа, гэта і не в'етконгаўцы былі — проста пачуў нейкую валтузню ў кустах, вось і пальнуў».) Рэй і я гулялі ў сквош[13] сама меней тры разы на тыдзень, і я прысягнуў сам сабе, што праз тры гады неадменна стану чэмпіёнам клуба.
Магчыма, таму, што я зноў аб'явіўся ў гарвардскіх колах, а можа, таму, што пайшла пагалоска пра мае поспехі, хоць сваімі заробкамі я, дальбог, ні перад кім не выхваляўся, але сябры зноў «адкапалі» мяне. Мы пераехалі з Кембрыджа ў самы разгар лета (мне трэба было спешна рыхтавацца да ўступнага экзамена ў ню-ёркскую адвакатуру), таму першыя запрашэнні былі на ўік-энды.
— Ды пайшлі яны ўсе, Олівэр! Я не маю аніякага жадання тырчэць два дні запар у зборні гэтых нудных падрыхтунчыкаў.
— О'кэй, Джэні, але што я ім скажу?
— Скажы, што я зацяжарала.
— Ты сур'ёзна?
— Не, але калі мы застанемся на ўік-энд дома, дык вельмі верагодна, што гэта можа здарыцца.
Мы ўжо выбралі імя нашаму будучаму сыну. Дакладней, выбраў я, а потым угаварыў Джэні згадзіцца.
— Паслухай, Джэні, што я табе скажу. Толькі не смейся, — паставіў я ўпершыню пытанне на сямейнае абмеркаванне.
Жонка тым часам была на кухні (мэбля ў залацістых танах і нават машына для мыцця посуду).
— Што? — папыталася яна, разразаючы памідоры.
— Мне ўсё больш падабаецца імя Боза.
— Ты гэта сур'ёзна?
— Ага. Аж не магу — так падабаецца.
— Дык, значыцца, ты збіраешся назваць нашага сына Боза? — узіраючыся ў мяне, зноў папыталася яна.
— Менавіта так. Павер мне, Джэн, лепшага імя для суператлета не знайсці.
— Боза Барэт, — прамовіла яна, усё роўна як спрабуючы імя з прозвішчам на смак.
— Прысягаю, хлопец ён будзе што трэба, — працягваў я, адчуваючы з кожным словам усё большую ўпэўненасць. — «Боза Барэт, галоўны нападнік, зборная Гарварда і ўсіх універсітэтаў, хакеіст-скала!»
— Ну што ж… Гучыць няблага, Олівэр, але… Уяві сабе: а раптам хлопчык будзе пасрэдна скаардынаваны?
— Такога, Джэн, здарыцца не можа. У хлопца гены будуць што трэба. У мяне тут сумнення на міліграм няма. — Я і праўда быў у гэтым упэўнены. Апошнім часам думкі пра Боза прыходзілі мне ў галаву ўсё часцей. Паважна шпацыруючы на працу, я бачыў яго ўжо ледзь не наяве.
Размову прадоўжылі за абедам. Дарэчы, мы набылі адмысловы дацкі фарфор.
— Каардынацыя ў Боза будзе найвыдатнейшая, — сказаў я Джэні. — А калі яму дастануцца твае рукі, дык яго можна будзе смела ставіць на якую хочаш лінію.
Яна заўсміхалася — няйначай збіралася пакпіць з мяне і разбурыць усе мае ілюзіі. Аднак, не прыдумаўшы па-сапраўднаму знішчальнае рэплікі, разрэзала торт і паклала мне кавалак. А я ўсё выкладваў свае довады.
— Ты толькі ўяві, Джэні, — разважаў я з перапоўненым ротам. — Дзвесце сорак фунтаў натрэніраванай ударнай сілы!
— Дзвесце сорак? — здзівілася яна. — У нашых з табою генах няма ніякіх двухсот сарака фунтаў, Олівэр.
— Мы адкормім яго, Джэн. Пратэіны, вітаміны і ўсе астатнія неабходныя кампаненты паўнацэннага рацыёну.
— А калі ён не захоча есці твае кампаненты, што тады?
— Я яму не захачу! — сказаў я, усё роўна як злуючыся на ўпартага хлопчыка, які, седзячы за адным са мною сталом, адмовіцца дапамагчы мне здзейсніць мае мары зрабіць з яго лядовую зорку. — Куды ён дзенецца — з'есць, а то я як бачыш па шыі надаю.
Тут Джэні зазірнула мне ў самыя вочы і ўсміхнулася:
— Наўрад ці ты гэта зробіш, калі ў ім будзе дзвесце сорак фунтаў.
— М-м, — замяшаўся я на момант, але хутка знайшоўся. — Не адразу ж ён набярэ такую вагу.
— Вядома, не адразу. Але калі ўжо набярэ, тады сцеражыся! Адлупіць ён цябе! — Джэні пагрозліва памахала перад самым маім тварам лыжкаю і зарагатала, што чорт…