3


У гульні з Корнэлам мне намялі бакі.

Увогуле, я сам быў вінаваты. У напале барацьбы я здуру абазваў іх нападніка-цэнтравіка «смярдзючым канадцам», зусім забыўшыся на тое, што канадцаў у іхняй камандзе чацвёра… А ўсе чацвёра былі гарачымі патрыётамі і дужымі хлопцамі, ды яшчэ і на слых не скардзіліся. Мала таго што мяне як след нагрэлі, дык яшчэ і выдалілі. І не проста выдалілі, а ўляпілі за бойку аж пяць хвілін. Чулі б вы, як мяне асвісталі корнэлскія фаны, пачуўшы аб'яву аб маім выдаленні! Нашых небагата прыцягнулася ў такую яміну, як Ітака, Ню-Ёрк, хоць гэта і быў вырашальны матч на першынство ўніверсітэтаў Новай Англіі. Пяць хвілін! Калі я сядаў на лаўку штрафнікоў, дык добра бачыў, як ірве на сабе валасы наш трэнер.

Джэкі Фэлт стрымгалоў прымчаўся да мяне. Толькі тут я заўважыў, што ўся мая правая шчака ператварылася ў крывавае месіва. «Божа, — мала не стагнаў Джэкі, водзячы па ім кроваспыняльным алоўкам. — Божа, Олі!»

Я сядзеў моўчкі і тупа глядзеў перад сабою. Мне было сорамна глядзець на пляцоўку, дзе тым часам хутка спраўджваліся найгоршыя мае чаканні: Корнэл закінуў нам шайбу. Фаны ў чырвоным зараўлі, завылі, заўлюлюкалі. Лік зраўняўся. Цяпер Корнэл меў усе шанцы выйграць матч, а з ім і першынство. А я ж яшчэ адседзеў толькі палову штрафу!

На процілеглай трыбуне, дзе сядзелі нешматлікія гарвардцы, панавала цяжкае маўчанне. На мяне ўжо забыліся і свае, і чужыя заўзятары. Толькі адзін глядач па-ранейшаму не адрываў вачэй ад лаўкі штрафнікоў. Але, ён быў тут. «Калі нарада перапыніцца своечасова, я пастараюся прыехаць у Корнэл». Сярод гарвардскіх фанаў сядзеў — вядома, паважна — Олівэр Барэт III.

Цераз ледзяны правал Стары Стод моўчкі і абыякава назіраў, як заклейваюць пластырам апошнюю крывавую рану на твары яго адзінага сына. Цікава, што ён думаў у гэтую хвіліну? «Тш, тш, лягчэй!» — што-небудзь такое? «Олівэр, калі ты так любіш біцца, дык чаму табе не заняцца боксам?» — «У Эксэтэры няма баксёрскай каманды, бацька». — «Бадай, мне не варта хадзіць на твае гульні». — «Ты думаеш, я б'юся, каб задаволіць цябе?» — «Ну, я не сказаў бы — задаволіць».

Але хто-небудзь можа ўгадаць, пра што ён думае? Олівэр Барэт III — гэта хадзячая гара, якая часам загаворвае. Стод.

Зусім верагодна, што мой бацька аддаваўся цяпер свайму любімаму занятку — самалюбаванню. Глядзіце на мяне, тут так мала сёння гарвардскіх заўзятараў, і тым не менш адзін з іх — я! Я, Олівэр Барэт III, выключна заняты чалавек, у мяне столькі банкаў, і ўсімі трэба кіраваць, і чаго толькі яшчэ не трэба мне рабіць, і ўсё ж такі я знайшоў час прыехаць у Корнэл на нейкі нікчэмны хакейны матч. Ну хіба гэта вас не ўражвае? (Каго?)

Трыбуны зноў зараўлі, гэты раз яшчэ з большым шалам. Нам зноў забілі. А мне адпачываць тут яшчэ дзве хвіліны. З чырвоным ад злосці тварам Дэйві Джонстан пакаціўся да нашае брамкі. Ён праехаў зусім побач, але нават не зірнуў на мяне. У вачах у яго былі слёзы! Ну, добра, я разумею, рашучы матч і ўсё такое, але, Божа ты мой, — слёзы? І тут я ўспомніў пра неверагодную серыю Дэйві, нашага капітана: сем гадоў на пляцоўцы — і аніводнага прайгранага матча — за каледж, за ўніверсітэт! Ён стаў ужо паданнем. А цяпер ён вучыўся на апошнім курсе. І для яго гэта была апошняя важная гульня.

Якую мы прайгралі 3:6.

Пасля матча мяне прасвяцілі рэнтгенам. Усе косці былі цэлыя. Потым доктар наклаў на маю правую скулу дванаццаць швоў. Пакуль ён гэта рабіў, Джэкі Фэлт хадзіў па кабінеце, расказваючы корнэлскаму хірургу, як няправільна я харчуюся і што сённяшняй траўмы магло б і не быць, калі б я рэгулярна глытаў саляныя пілюлі. Доктар яго праігнараваў, а мяне строга папярэдзіў, што я ледзь не пашкодзіў «сценку арбіты» (ох ужо гэтыя медычныя тэрміны!) і што сама лепшае для мяне — не выходзіць на лёд не меней як тыдзень. Я падзякаваў за параду. Доктар пайшоў. Яго пераследаваў Фэлт, спрабаваў разгаварыць наконт дыеталогіі. Я быў рады, што застаўся адзін.

Я нетаропка прыняў душ, стараючыся не мачыць твару. Дзеянне навакаіну пачало слабець, але адчуванне болю было мне нават прыемнае. Я хачу сказаць: я ж сапсаваў усю справу. Першынство мы завалілі, нашую бяспройгрышную серыю — таксама (усе, хто быў цяпер на апошнім курсе, не прайгравалі ніколі), не кажучы ўжо пра сямігадовую серыю Джонстана. Мажліва, не толькі я быў у гэтым вінаваты, але цяпер мне здавалася: толькі я.

Раздзявальня была пустая. Хлопцы, мабыць, ужо ў матэлі. Мяркуючы па ўсім, ніхто не хацеў мяне бачыць або размаўляць са мною. З гаркатою ў роце — мне было так пагана, што я нават адчуваў гэта на смак — я запхнуў свае шмоткі ў валізку і выйшаў на двор. Жменька гарвардскіх заўзятараў мерзла на ледзяным ветры, які прадзімаў пустэльны завулак.

— Як скула, Барэт?

— Дзякуй, нічога, містэр Джэнкс.

— Табе, бадай, не зашкодзіў бы цяпер сыры біфштэкс, — сказаў другі знаёмы голас.

Так мовіў Олівэр Барэт III. Наколькі гэта ў ягоным стылі — прапанаваць бабулін сродак ад сіняка пад вокам.

— Дзякуй, бацька, — сказаў я. — Доктар ужо пра ўсё паклапаціўся. — Я паказаў на марлевую нашлёпку, пад якой была схаваная доктарава работа.

— Я хацеў сказаць, табе трэба падсілкавацца, сын.

За абедам паміж намі адбылася адна з нашых звычайных «антыразмоў», як я іх называю. Усе яны пачынаюцца тым самым пытаннем: «Ну, як ты, сын?» — і тым самым пытаннем заканчваюцца: «Я магу для цябе што-небудзь зрабіць?»

— Ну, як ты, сын?

— Выдатна, сэр.

— Што, баліць? — кіўнуў ён на маю разбітую шчаку.

— Не, сэр.

Боль рабіўся пякельным.

— Я скажу Джэку Ўэлсу, каб ён паглядзеў цябе ў панядзелак.

— Не трэба, бацька.

— Ён добры спецыяліст…

— Корнэлскі доктар таксама не ветэрынар, — заўважыў я, спрабуючы прыцішыць снабісцкі энтузіязм, з якім бацька заўсёды гаварыў пра ўсялякіх спецыялістаў, экспертаў ды іншых «найлепшых людзей».

— Шкада, — сказаў Олівэр Барэт III, спрабуючы, як я спачатку падумаў, пажартаваць. — Рана ў цябе проста зверская.

— Маеце рацыю, сэр. — (Можа, тут трэба было засмяяцца?)

І раптам мне прыйшла ў галаву думка: ці не хацеў ён сваім квазіжартам перадаць мне сваю незадаволенасць маімі дзеяннямі на лёдзе?

— Ці ты хацеў сказаць, што я паводзіў сябе сёння як звер?

На твары ў яго адбілася нешта накшталт задавальнення з прычыны таго, што я пацікавіўся ягонай думкаю на гэты конт. Аднак ён проста сказаў:

— Ты сам загаварыў пра ветэрынараў.

Тут я вырашыў заняцца вывучэннем меню. Калі прынеслі гарачае, Стод пачаў адно з сваіх даўно ўжо абрыдлых мне казанняў: гэтым разам, калі я правільна памятаю (а запамінаць я не стараўся), адносна перамог і паражэнняў. Ён зазначыў, што мы страцілі чэмпіёнскі тытул (брава, тата, глыбокае назіранне!), аднак галоўнае ў спорце — не выйгрыш, а сама гульня. Апошняе меркаванне падазрона нагадала перафразаваны алімпійскі дэвіз, і я адчуў, што гэта толькі ўверцюра і што зараз ён пусціцца разважаць пра тое, якое, па сутнасці, смяхоцце — гэтае ўніверсітэцкае першынство. Аднак я не збіраўся пракладваць яму сцяжынкі да алімпійскіх успамінаў. Выдаўшы належную партыю маіх: «Але, сэр» — я змоўк.

Потым мы прайшліся па ўсім дыяпазоне ўлюбёнай Стодавай антытэмы, якая называецца «мае планы».

— Скажы мне, Олівэр, што ў цябе з юрыдычнай школаю?

— Пакуль яшчэ, бацька, я цвёрда не вырашыў наконт юрыдычнай школы.

— Я хацеў бы ведаць іншае: ці вырашыла юрыдычная школа наконт цябе?

Яшчэ адзін досціп? Можа, мне трэба ўсміхнуцца ў адказ на гэтыя рытарычныя практыкаванні?

— Пакуль што не ведаю, сэр.

— Я мог бы патэлефанаваць Прайсу Цымерману…

— Не трэба! — перапыніў я, падпарадкоўваючыся імгненнаму рэфлексу. — Прашу, не трэба, сэр.

— Не дзеля таго, каб паўплываць на некага, — з годнасцю сказаў О. Б. III. — Проста навесці даведкі.

— Бацька, я хачу, каб мне адказалі лістом, як усім астатнім. Калі ласка.

— Але. Натуральна. Выдатна.

— Дзякуй, сэр.

— І яшчэ, цябе ж амаль напэўна прымуць і так, — дадаў ён.

Не ведаю, як гэта атрымліваецца, але О. Б. III умее прынізіць мяне, нават калі не шкадуе ўхвальных слоў.

— Хто ведае, — адказаў я. — У рэшце рэшт, хакейнай каманды ў іх там няма.

Не ведаю, чаму я пачаў прыніжаць сябе сам? Можа, таму, што ён пра мяне ўсё-такі высокае думкі?

— У цябе ёсць іншыя вартасці, — заявіў Олівэр Барэт III, але развіць гэтую тэму не пажадаў. (Зрэшты, не думаю, што гэта ў яго выйшла б.)

Ежа ў рэстарацыі была не лепшая ад нашае размовы, з адной хіба што розніцай: што булачкі будуць чэрствыя, я мог сказаць яшчэ да таго, як іх прынеслі, а вось угадаць, якую тэму будзе мець ласку прапанаваць мне бацька, мне ніколі не ўдаецца.

— Апрача таго, ты заўсёды можаш уступіць у Корпус Міру, — сказаў ён раптам ні з таго ні з сяго.

— Сэр? — Я не зусім зразумеў, што гэта — пытанне ці сцвярджэнне?

— Па-мойму, Корпус Міру — выдатная рэч. А ты як думаеш?

— Ну, — адказаў я, — ва ўсякім разе, гэта лепш за Корпус вайны.

Нічыя. Я не ведаў, што хацеў сказаць ён, і наадварот. Ці азначала гэта, што тэма вычарпаная і што зараз мы пяройдзем да абмеркавання іншых важных, сапраўды ўрадавых праграм? Не. Я зусім забыўся, што найгалоўнейшая наша тэма — гэта заўсёды мае планы.

— Я быў бы зусім не супраць, каб ты ўступіў у Корпус Міру, Олівэр.

— Я таксама, — сказаў я, не жадаючы ўступаць яму ў велікадушнасці.

Я ўпэўнены, што Стод ніколі мяне не слухае, і таму не здзівіўся, што ён ніяк не адрэагаваў на мой тонкі сарказм.

— А твае аднакашнікі, — прадоўжыў ён, — як да гэтага ставяцца?

— Сэр?

— Ці лічаць яны, што Корпус Міру мае нейкае значэнне ў іх жыцці?

Здаецца, слухаць фразу «але, сэр» майму бацьку гэтаксама неабходна, як рыбе знаходзіцца ў вадзе.

Яблычны пірог таксама быў чэрствы.

Каля паловы дванаццатай я правёў яго да машыны.

— Я што-небудзь магу зрабіць для цябе, сын?

— Не, сэр. Дабранач, сэр.

І ён паехаў.

Хоць паміж Бостанам і Ітакай, штат Ню-Ёрк, лётаюць самалёты, Олівэр Барэт III вырашыў ехаць на машыне. Не таму, што хацеў паказаць, што ён гатовы праседзець за рулём некалькі гадзін дзеля таго, каб убачыць сына. Проста ён любіць вадзіць машыну. Хутка ехаць. А ў такі позні час ды яшчэ на «Астан Марцін ДБС» можна несціся што чорт. Ён пэўна вырашыў пабіць свой уласны рэкорд хуткасці на адрэзку Ітака — Бостан, устаноўлены ім летась, пасля таго як мы перамаглі Корнэл і выйгралі першынство. Я не сумняваўся ў гэтым, бо бачыў, як ён зірнуў на гадзіннік перад ад'ездам.

Я вярнуўся ў матэль патэлефанаваць Джэні. Гэта была мая адзіная прыемная хвіліна за ўвесь вечар. Я расказаў Джэні пра бойку (не ўдакладняючы характару прычыны вайны), і магу сказаць, што гісторыя ёй спадабалася. Мала хто з яе вытанчаных сяброў-музыкантаў мог пахваліцца тым, што хоць раз у жыцці пускаў у ход кулакі.

— Але ж ты хоць даў як след таму корнэльцу, што цябе ўдарыў? — запыталася яна.

— Вядома, яшчэ як! Месца жывога на ім не пакінуў.

— Шкада, што я не бачыла. Можа, ты паб'еш каго-небудзь на матчы ў Ейлі?

— Абавязкова.

Я ўсміхнуўся. Як яна любіла простыя забавы!


Загрузка...