22


Калі я выйшаў, Філ паліў у салярыі невядома якую па ліку цыгару.

— Філ! — ціха сказаў я.

— Што? — ён узняў вочы, і мне здалося, што ён ужо ўсё ведае.

Я зразумеў, як яму трэба цяпер якое-небудзь суцяшэнне. Я падышоў да яго і паклаў руку яму на плячо. Я баяўся, што ён заплача. Сам я быў упэўнены, што стрымаюся. Я проста не мог не стрымацца…

Філ паклаў сваю руку на маю.

— Шкада, — прамармытаў ён, — шкада, што я… — Ён запнуўся. Я чакаў. Куды цяпер было спяшацца?..

— Шкада, што я паабяцаў Джэні быць моцным дзеля цябе. — І, усё роўна як выконваючы сваё слова, ціхенька паляпаў мяне па плячы.

А цяпер мне трэба было пабыць аднаму. Глынуць свежага паветра. Можа, прайсціся.

У чакальні было ціха-ціха. Адно што чуўся стук маіх абцасаў па лінолеуме.

— Олівэр!

Я спыніўся — і ўбачыў свайго бацьку.

Мы былі адны тут, калі не лічыць дзяжурнае сястры ў рэгістратуры.

Але я не мог гаварыць цяпер з ім і накіраваўся да дзвярэй на вуліцу. Праз нейкае імгненне ён дагнаў мяне.

— Олівэр! Ты павінен быў сказаць мне.

Было вельмі холадна. Але гэта мне, можна сказаць, падабалася, бо я ўсё роўна як здранцвеў і хацеў хоць што-небудзь адчуваць. Бацька ўсё гаварыў і гаварыў, а я моўчкі стаяў, падставіўшы твар парывам сцюдзёнага ветру.

— Я адразу прымчаўся сюды, як толькі даведаўся.

Я забыўся надзець паліто. Праз холад у мяне ажно твар пачаў застываць. Добра… Добра…

— Олівэр, — настойліва паўтарыў бацька, — я хачу табе дапамагчы.

— Джэні памерла, — сказаў я.

— О Божа!.. Як мне шкада, — узрушана прашаптаў ён.

Не ведаю чаму, але тут я згадаў словы, сказаныя мне вельмі даўно адной цудоўнай дзяўчынай, якое ўжо не было.

— «Каханне — гэта калі ні аб чым не трэба шкадаваць», — паўтарыў я іх.

А потым зрабіў тое, чаго ніколі не рабіў пры бацьку, тым больш — у яго на грудзях.

Я заплакаў.


Загрузка...