XI


Так было ў мяне з адной маёй паездкай у Вільню. Я купіла білет, села ў цягнік і за няпоўныя чатыры гадзіны была ўжо там і рассякала старую Вільню. Разглядваючы сябе ў вітрынах крамаў, слухаючы цвіркатанне летувіскай мовы, заглыбляючыся ў змрочныя сутарэнні касцёлаў, я ўвесь час мела высокі ўзровень адрэналіну, які дазваляў мне амаль навобмацак адчуваць сапраўдную свабоду.

А свабода ж можа мець форму мужчыны. Хай сабе і не заўсёды і не надоўга. Я засела на Замкавай за столік у кавярні, замовіла сок і канапку. Як лёгка звярнуць на сябе ўвагу - самотная дзяўчына, усмешлівая, нікуды не спяшаецца.

Суседні столік. Пажылы мужчына. Я адказала ўсмешкай на зачэпны ківок галавой, які, мусіць, павінен быў азначаць «смачнога». З другога суседняга століка падсунулася смешная сітуацыя. Муж, жонка, дзіця. Ён бачыць пад сталом мае адкрытыя калені і не зводзіць з іх вачэй. Няўжо мужчыны больш палігамныя? Я не ўпэўненая, бо, бадай што і хутчэй за ўсё, палігамныя мы, жанчыны. Калі, маючы ўсялякія вартасці і целы і асобавасці, мы можам выбіраць спасярод залётнікаў, шанавальнікаў, сярод арды самцоў, якія дужаюцца за доступ да ўлады, маёмасці і нашых целаў, што таксама ёсць атрыбут улады і маёмасці. Сярод гэтых інстынктаў толькі тое, што робім мы, ёсць сапраўдная палігамія. Быць са мною можа толькі той, каго захачу я. На хвіліну, на адзін раз, альбо на цэлае жыццё. І то ж большасць жанчын не ўсведамляюць гэтай сваёй незвычайнай улады. І паддаюцца мужчынам. Падпарадкоўваюцца, дзелячы ўладу і маёмасць свайго Гаспадара і ўладцы. На яе сплывае частка атрыбутаў улады. Прызвычаеныя выхаваннем матуляў і бабуляў трываюць у гэтым стане, даючы выйсце толькі бясплённым мроям.

Насупраць селі два хлопцы. Маюць сотавік, які сюд-туд і назвоньвае. Балабоняць па-летувіску, уладжваюць нейкія гешэфты. П'юць каву. Праз колькі там хвілін у іхніх клопатах яўна настае нейкі пералом. Пасля аднаго такога званка радуюцца, паляпваюць па плечах, пляскаюць у далоні, як пасля гола ў баскетболе. Абодва летувісы рослыя, светлавалосыя, у джынсах і спартовых кашулях. Уладзіўшы нейкую важную справу, адмаўляюцца ад кавы і заказваюць чатыры вялікія куфлі піва. Расслабіўшыся, пачынаюць заўважаць мяне. Сваім звычаем я какетліва апускаю вочкі і сціпленька ўсміхаюся.

Калі даядаю канапку і ўжо меруся плаціць, адзін з іх устае ад століка і пытаецца па-летувіску. Нічога не разумею. Пытаецца па-расейску, ці нельга ім падсуседзіцца. Усміхаюся. Яны бяруць сваё піва, падсаджваюцца. Аднаго завуць Арвідас, другога Ёнас. Абодва з Коўні. Прыехалі купіць нейкую вялікую партыю электратавараў у расейца з Калінінграда. Дамоўленую цану ім удалося збіць і вось радыя, бо ў Клайпедзе тавару ўжо чакае вялікая крама.

У такім радасным настроі яны коратка расказалі пра ўдалы дзень, памысныя інтэрасы і перспектывы сваёй фірмы. Як на летувісаў хлопцы даволі гаваркія і адкрытыя. Выпіўшы піва, заплацілі, і мы пайлі на шпацыр па горадзе, бо, даведаўшыся, што я з Менска, от мусова зарупіла ім узяць мяне ў Коўню. Арвідас адразу саступіў месца ля мяне Ёнасу. Можа, загадзя ўмовіліся, альбо ж не хапала ім эратычнага ўяўлення. Шпацыр з кожнай хвілінай набываў усё гусцейшы характар як у тэмах гутаркі так ва ўсё часцейшых дакрананнях. Хлопцы, відаць, не ўяўлялі сабе, што я магла згадзіцца пайсці з імі абодвума, што хапае мне на тое адвагі, рашучасці і сексуальнай фантазіі. Мае намёкі не даходзілі да Арвідаса, толькі злавалі Ёнаса. У парадку. Я дала сабе спакою што да далейшых правакацый, не зацягвала іх больш на няпэўны грунт. Зрэшты, дзеля таго ж я і прыехала ў Вільню, каб перажыць штосьці моцнае.

Арвідас нарэшце праз дзве гадзіны зліняў. Мы з Ёнасам сядзелі ў кнайпе на Дамініканскай. Пачаў прыступаць да справы. Сапраўды спяшаецца ў Коўню, куды запрашае і мяне, але, зрэшты, маглі б праехацца на машыне куды-небудзь за горад. Я адразу згаджаюся, бо пасля добрага пасілку варта і прагуляцца. Выязджаем у бок Неманчына. Дзесяцігадовы чорны «Мэрсэдэс» цудоўны, як новенькі. Добрая музыка. Збочваем у лес. Я пытаюся ў Ёнаса, ці мае прэзерватывы. Пасаромлены, ківае галавою, што не. Вяртаемся на бліжэйшую запраўку. Купляе. Вяртаемся ў лес. Ёнас заглыбляе машыну ў гушчобу. Выходжу. Ён кідаецца на мяне, распалены. Супакойваю яго. Маем час, куды нам спяшацца - паспеем у ягады схадзіць. Прапануе пакласці мяне на нагрэтым чахле машыны. Дастае з багажніка коўдру. Я здымаю майткі. Падцягваю спадніцу. Ёнас ледзь дыхае. Не разлічваў на такія тэмпы. Надзяваю яму прэзерватыў. Няблага. Але ўжо праз хвіліну ён канчаецца ўва мне. Поўны прэзерватыў спермы, Гладжу яго, але відаць, як хутка ападае ў ім ахвота да далейшых пяшчотаў. Дрэнь. Шмат цела, мала мазгоў у чэрапе. Я расчараваная. Ён не траціць фасону. Робіць выгляд, што было o'кей. Нацягвае мне майткі, азіраецца навокал - крыху небяспечна. Не пярэчу. Пакуемся і - у машыну. Адчыняю бляшанку з півам. Ёнас крыху сумеўся. Спрабуе дамовіцца на наступнае спатканне. Аддае мне рэшту прэзерватываў, каб захавала да наступнага разу. Во, нахаба. Спяшаецца. Добра, разумею. Але каб так дэманстрацыйна.

Завёз мяне ў горад. Развіталіся даволі холадна. Ён быў крыху агаломшаны маім тэмпераментам і, відаць, адчуваў сорам, што я прынізіла яго, навязаўшы свой рэжым. Але не зразумеў, што ў гэтым магло, зрэшты, заходзіцца пра нешта цалкам іншае. Калі б ён не аддаў мне тых прэзерватываў і не злез з мяне з такім спрытам, ледзь не падганяючы мяне адзявацца, я ацаніла б яго зусім інакш. А я адчула сябе рэччу. Ён мог бы, вядома, у той момант сказаць, што я сама так хацела, бо лёгка на ўсё згадзілася. Гэта толькі пачатак. Гэта толькі нагода прачыніць самыя патаемныя закануркі душы. Чым больш у сексе дзікага эгаізму, тым хутчэй трэба з ім канчаць. Секс адчыняе дзверы каханню. А ён, здаецца, таго не разумее. Цяжка, хоць гэта і мая страта.

Я зноў на Замкавай. У запасе больш за дзве гадзіны да цягніка. У Менску буду каля адзінаццатай. Уваходжу ў касцёл св. Ганны. Як я люблю гэты касцёл. Ён адчыняе ўва мне ўсю маю генетычнную памяць. Я быццам заглыблялася ў ім ва ўсе закуткі гісторыі, перажытага, трагедый і радасцяў. Нібы я была сама гісторыяй гэтай зямлі, часткаю людскіх лёсаў, якія накладваюцца на маё марнае, нікчэмнае жыццё. Малюся, уткнуўшыся тварам у далоні. На далонях яшчэ пах прэзерватыва. Не ведаю, смяяцца ці плакаць. Мяшаецца ўва мне дзікасць маёй натуры з разбуджанай настальгіяй па ўпарадкаваным жыцці. (Якога nota bene не выношу). І як тут зразумець сябе самую.

Выходжу з касцёла. Каля помніка Міцкевічу дзве дзяўчыны за мальбертамі пэцкаюць палатно, надаючы вобразнасць гарадскім краявідам.

Рашыла выпіць добрай кавы. Падымаю ацяжэлае цела на гару завулкамі з боку Зарэчча да касцёла айцоў Аўгусцінцаў. Заварочваю на вуліцу Бокшта, уздоўж тоўстага цаглянага мура - направа і вяртаюся св. Казімірам у стары горад. Мінаю пажылога мужчыну. Відаць, замежнік, які з дзіцячай радасцю спрабуе схапіць у аб'ектыў свайго апарата выдатна асветленую залацістую званіцу касцёла св. Казіміра. А ў мужыка чэпкае вока! Сапраўды, выгляд цудоўны. Архітэктура, якая дае адчуванне велічы як яе творцаў так і тых, што хоць бы на хвіліну спрабуюць затрываліць яе ў памяці.

З вуліцы св. Казіміра я выйшла на пляцык перад філармоніяй. У ашклёнай кавяраньцы, прылепленай да сцяны старой камяніцы, знаходжу выдатны відок на ўваход да Вострабрамскай, арка з вуліцай уздоўж будынка філармоніі, выхад на вуліцу Вялікую (Дыджоі) з уваходам у браму ў камяніцы, на падворку якое зацішны гатэлік «Grybas». Заказваю каву, заходжу на хвіліну ў сутарэнне ў туалет. Калі вяртаюся, за маім століку сядзіць той самы пажылы мужчына, якога спаткала, калі ён фатаграфаваў капулу св. Казіміра. Мая сумка вісіць на крэсле, дык я падыходжу зняць яе і перасесці.

Мужчына ўстае і па-ангельску перапрашаецца, што заняў маё месца. Сам перасядзе. Мы стаім так з хвіліну якую ў перапросінах і раптам выбухаем смехам, рашаем сесці і хай будзе, як ёсць. Мужчына прадстаўляецца. Імя - Марцін. Амерыканскі жыд. Яго радня паходзіць з Вільні. Многія з радні загінулі ў час вайны ў недалёкіх Панарах. Але ён не спынецца на падрабязнасцях. Бегла тлумачыць, што мае тут крыху інтэрасу. Прадстаўляе як юрыст некалькі амерыканскіх фірмаў у Вільні і ў Рызе. Мае даручаную працу і час ад часу прылятае сюды з Амерыкі. Жыве ў гатэлі насупраць, у «Грыбасе». Стары жыдоўскі дом купца Фейгельзона мае добрую аўру.

Выпіваем каву. Я крыху расказваю яму пра сябе. Пра свае журналісцкія страсці і пра пошукі свабоды, да якой з Менска так блізка, а яна тым часам як бы і недаступная. І таму даводзіцца нам, беларусам, наязджаць сюды, каб падобна Фаме-недавярку дакрануцца і ўпэўніцца, што так яно і ёсць напраўду. Скарачаю размову, дапіваючы каву і паглядаючы на гадзіннік. Тлумачу, што праз сорак хвілін мой цягнік. Марцін заахвочвае мяне яшчэ, каб я заглянула з ім у браму дома насупраць. Згаджаюся. Ён паказвае мне чорную гранітную дошку з надпісам па-расейску і па-жыдоўску. Дом купца Фейгельзона. Выходзім на вуліцу ў бок Вострай Брамы. Ён пытаецца, ці можна яму правесці мяне да вакзала. Я ўсміхаюся, дазваляючы. Ён вельмі сімпатычны. Я прыглядваюся да ягонага твару ў прамянях надвячорнага сонца. Бадай што, яму гадоў пад шэсцьдзесят. Але не адчуваецца. Невысокі, хударлявы, дагледжаны. Мабыць, у Амерыцы гэта стандарт, у нас у Менску мужчына ў такім веку абуджае сама большае спачуванне. А ён ужо пачынае мне да спадобы прыпадаць. Адчуўшы недасканаласць маёй ангельскай, стараецца гаварыць павольна, падбіраючы зразумелыя мне словы. Мы праходзім пад вострабрамскай капліцай, і ён, далікатна беручы мяне за далонь, пытаецца, ці каталічка я. Расказваю яму, як у семнаццаць гадоў я ўцякла з дому, каб з'ездзіць у Нясвіж і ахрысціцца. Сама так рашыла. Цяпер не ведаю да канца, якога роду быў той выбар. Ці рэлігіі, ці нацыі, ці проста свабоды ад таго замкнутага савецкага свету, у якім мне штораз рабілася ўсё больш задушліва.

Яму гэта спадабалася. Ён расказаў мне, як адышоў ад рэлігійных традыцый сваіх бацькоў. Выхоўваўся на рабіна ў Нью-Йорку. Адкінуў рэлігію, традыцыі. І ніколі не шкадаваў за свой выбар. Стаўся спраўным юрыстам. І яму добра вядзецца. Ён заможны, мае цудоўных дзяцей, нават адну ўнучку. Сапраўдны жыдоўскі кайф ад спраўджанага лёсу і жыцця. Але толькі калі прыехаў у Вільню першага разу восем гадоў таму назад, адчуў, як глыбока засела ў ім усё жыдоўскае і як цяжка забыцца на продкавую спадчыну. Не, ніколі не адчуваў ніякай віны. Ён задаволены сваім жыццёвым выбарам. І Пан Бог ніколі не абыходзіў яго сваімі даброцямі, даючы здароўе, дзве жонкі, маёмасць, поспех і дастатак. Толькі прыехаўшы ў Вільню, адчуў нейкія павевы свабоды. Дзіўная гэта свабода, вецер якое вее з магілаў продкаў, ад старых камяніц, барваў і пахаў горада, які называлі Паўночным Ерусалімам.

Расказваючы, Марцін вельмі глыбока глядзеў мне ў вочы, як бы правяраючы, ці паспяваю я за ім. Не так за мовай і сказанымі словамі, як за думкай, за бегам перажыванняў, пачуццяў і тых хваляў эмоцыяў, якія яго так шчасна і гарманічна парываюць. Мая сімпатыя да яго расла з хвіліны на хвіліну.

Мы загаварыліся, а цягнік ужо меўся ад'ехаць. Я махнула рукою з удаванай пакорай - а, паеду начным. Буду ў Менску пад раніцу. Няма праблем. Марцін быў рады з такога павароту справы. Мы рашылі пайсці ўбок сінагогі. Ён паказаў мне будынак, нібы гэта была бацькава камяніца. Не, ягоны бацька не меў тут ніякай камяніцы. Проста хадзіў сюды маліцца. Хоць Марцін і не ўпэўнены ў гэтым. Бацька асіраціў яго, калі Марціну споўнілася семнаццаць. Пахаванне бацькі было акурат у дзень яго народзінаў. Памяць пра Вільню бацька, аднак, здолеў яму прышчапіць настолькі моцна, што, прыехаўшы сюды першы раз, адчуў, што нібыта ведаў усе гэтыя вулачкі. Вільня - гэта атмасфера горада, дзякуючы якой людзі робяцца яго часцінай, як бы дадаткам да краявіду. Ягоныя сустрэчы з сучаснымі жыдамі пацьвярджаюць у ім горкую рэфлексію, што многія спрабуюць дапісацца да гісторыі, бачачы ў гэтым неблагі бізнес. Жыд - гэта не нацыянальнасць, гэта прафесія. Жартуе, тут жа дадаючы, што гэтак сама ж, мабыць, і з іншымі нацыямі. Сяго-таго я сказала б і пра немцаў з Казахстана ці палякаў у нас у Беларусі. Без аніякіх на тое заслугаў і паняверак прыпісваюць сабе іншы лёс. Ставяць у лесе манекены ці статыстаў на прадстаўленне старцам, спрагненым вяртання сваёй маладосці. Ён прызнаў маю рацыю і тут жа давай тлумачыць, што сам сюды наязджае з рэальнымі інтарэсамі, што ён ніякі не магільны партрэт сваіх продкаў. Я перапрасілася за занадта моцнае параўнанне. Пасля чаго ён у мяне перапрасіўся, і мы, можна сказаць, пачалі выдурнівацца ўзаемным какецтвам, калі Марцін запрасіў схадзіць на неблагое піва ў джаз-клуб непадалёк ад дамініканскага сабора. Павяло на сутонне. Ён узяў маю сумку. Я не пярэчыла. Узяў маю далонь. Не пратэставала. Было ў ім столькі цяпла, што я не мела сілы ставіць якую б там ні было заслону, якая магла б мяне абараніць ад неспадзяванай атакі невядомых мне жывёлаў з боку чужога пажылога мужчыны. Я адчувала, што гэта не я, а ён мае перавагу ў нашай гульні. Я згаджалася на ўсё, інтуітыўна не прымаючы ніякай небяспекі.

У клубе мы пасядзелі тры-чатыры гадзіны. Выпілі мора піва. Выкурылі масу папяросаў, і я нагаманілася, часам перакрыкваючы настырны саксафон маладога летувіскага музыкі, які высільваўся перакласці амерыканскія стандарты на мяккую, свістучую мову летувіскіх балтаў.

Калі я зарыентавалася, што падпірае час, мы заспяшаліся праз горад ў бок вакзала, не хацелася браць таксі. Дамчаліся да вуліцы Нямецкай, і тут мне прыспічыла - далося-такі тое піва. Дзе тут забягач? У кавярню. Туды, дзе пазнаёміліся. Позна. Жвавым подбегам шыбуем у бок Вострабрамскай. Кавярня ўжо зачынена. Марцін прапануе заскочыць да яго ў гатэлік. Іншага выйцся няма. Ідзём да яго. І ўжо седзячы на ўнітазе, поўная свабоднай палёгкі, пачынаю ўпадаць у шчаснасны морак сваіх жаданняў. У ваннай пах ягонай касметыкі. Добрая марачная касметыка. Абапал клазетнай ракавіны параскіданы «Wall Street Journal». На падлозе - бялізна. Прыемнае бязладдзе пахне стабільнасцю і заможнасцю. Апускаюся ў змрочную і вільготную памяць самых прыемных хвілінаў з мужчынамі, якіх мела. Сяджу на ракавіне і не карціць мне выходзіць. Марцін ветлівенька стукаецца ў дзверы і пытаецца, а ці добра я пачуваюся, а ці нічога мне не далягае.


Калі я выйшла, ён наліў чарговую шклянку піва і запрасіў уладжвацца ў фатэлі каля вялікай лямпы на падлозе. Абое заўважылі ў сабе агонь, які знерухоміў нас і паволі растапіў.


Я не пратэставала, калі ён пацалаваў мне ў далоню. Спярша далікатна, вакол запясця, пасля адкрытую. Закалыханая цёплымі дакрананнямі ягоных губоў, я глыбей апускалася ў фатэль. Беглі хвіліны, мінуты, я гладзіла яго лысаватую галаву, твар, шыю. Ён вадзіў языком па маёй далоні, вільготна пранікаючы паміж пальцы. Нарастаючая прыемнасць падказала мне ўстаць. Мы пачалі цалавацца. Моцна, жарасна, пры вірлівай лямпе на стале, абапіраючыся на дзверы, сцяну, натыкаючыся на канапу, падаючы на ложак. Слабеючы і калышучыся ў абдымках, папераменна ляжалі, кранаючыся целамі. Ён не рашаўся раздзяваць мяне. А я пасля столькага піва раптам адчула санлівасць, даброць. Запала ў кароткую дрымоту. Колькі гэта магло доўжыцца. Пяць хвілін, паўгадзіны. Падняла галаву, адзетая лежачы на ложку. Ува мне было і цяпер узбуджэнне, але разляніўленае, соннае. Марцін сядзеў каля стала. Далікатнае, жоўтае святло лямпы выцінала ў пакоі кавалак замкнёнай прасторы, у якой я бачыла толькі яго галаву, далоні, кнігу і нататнік. Ён штохвілі адрываўся ад чытання, хапаўся за пяро і запісваў нешта ў нататніку.


Паглядзеў на мяне, правяраючы, ці сплю я. Я ўсміхнулася. Ён устаў, падышоў да ложка, падсеў, беручы маю далонь. Мне падабалася яго далікатнасць. Калі мы зноў пацалаваліся, я ўжо была гатовая на большае, чым да таго. Расшпіліла яму кашулю і, лежачы на засланым ложку, гладзіла яго валасатыя грудзі. Ён падвёў далонь мне пад блузку, расшпіліў станік і дабраўся да напятых саскоў. Далей ужо пайшло хутчэй. Раптам, самі здзіўленыя развіццём падзеяў, мы ўбачылі свае голыя целы. Я працягнула руку да сумкі па прэзерватывы. Дастала ўпакоўку і, калі пачала адкрываць яе, гледзячы на ягоны ўзбуджаны чэлес, раптам абое выбухнулі смехам. У маёй далоні замест прэзерватыва была вялікая круглая таблетка аспірыну.

Смех ужо не пакідаў нас да канца. Пацешнае здарэнне змяніла сур'ёзнасць сітуацыі, надаўшы ёй дадатковага шарму. Гэта не быў секс. Гэта не былі зносіны мужчыны і жанчыны. Гэта была сустрэча даўніх прыяцеляў, якія сваімі целамі апавядаюць пра ўсе матэрыяльныя і духоўныя лёсы, якія раздзяляюць прастору і час.


Вярнулася ў Менск другога дня з пачуццём споўненасці. Чаканая прыгода з'явілася сама насуперак маім планам і калькуляцыям, а яе памеры далі мне яшчэ больш сілы і павагі да таго роду свабоды, якой немагчыма запланаваць і прадугледзець.


Загрузка...