Эпілог


Дарагая мая,

прабач, што так доўга не пісала. Прыехаўшы ў Прагу, я першыя тыдні старалася забыцца на ўсе пільныя справы - усе прыемныя і непыемныя, якія засталіся ў Менску. Працую на радыё «Свабода», у беларускай секцыі. Гэта была мая мара, памятаеш... Сама не ведаю, як гэта мне ўдалося, але, відаць, яшчэ маю ў жыцці трохі талані. Зарабляю неблагія грошы і, калі можаш, дык уключы пры нагодзе радыё на нашай частаце, тады пачуеш і мой голас.


Недалёка Кракаў ад Прагі. Можа, пад'ехала б калі. Сумую, хоць была б няшчырая, калі б не сказала, што патроху ў мяне ўсё неяк утрасаецца. Нарэшце! Пазнаёмілася з цудоўным хлопцам. Ён з Горадні, завуць яго Аляксандар. Відаць, мы абое былі створаны адно для аднаго. Я закахалася ў яго і думаю, што як мы спаткаемся, дык я раскажу Табе, які гэта фантастычны чалавек. Ты абавязкова павінна пазнаёміцца з ім. Праз паўгода і ў яго і ў мяне заканчваецца кантракт, і мы рашылі, што вернемся ў Беларусь, купім кватэру і будзем неяк мардавацца далей з гэтай рэчаіснасцю. Там не так, як у Польшчы ці Чэхіі, але Аляксандар умее пераконваць, ды і сама я даспела да таго, што толькі ў сябе ў Менску я магу быць сабою.

Ведаеш, я ўспамінаю адзін спектакль у менскім купалаўскім тэатры. П'еса ізраільскага драматурга Альмагора. Памятаеш, мы былі на ім летась вясною з прычыны нейкага дня жыдоўскай культуры. Была там такая гісторыйка, як адзін бедны жыд з Магілева, пекар, не меў чаго есці і чым карміць сям'ю. У сне да яго некалькі разоў прыходзіў старац і падказваў, што той павінен выехаць у Прагу, дзе пад Карлавым мастом ёсць у склепе скарб. Паехаў туды той жыд і быў схоплены ахоўнікамі каля Градчанаў. Быў дапытаны ў падвалах гарадской вязьніцы. А адзін ахоўнік як пачуў, адкуль той жыд, расказаў яму свой сон. А прысніўся яму старац, які падказаў, што ў Магілеве, у доме аднаго беднага жыда, пекара, ёсць печ, а пад прыпечкам склад і багацце. Жыд як пачуў тое, зразумеў, чаго прыехаў у Прагу, і вярнуўся дамоў у Магілеў.

Не ведаю, чаго я вярнуся ў Менск. Няма яшчэ ў мяне планаў, але Саша хоча і адчувае, што так будзе лепш. Я хачу быць з ім.

Сумую па Табе і па нашых спатканнях, па Тваіх расказах пра Польшчу і Кракаў. Запрасі ж мяне нарэшце!


Цалую моцна, моцна.

Твая Беларуска.

Загрузка...