Спрабую разабрацца ў подлым пачуцці, што агарнула мяне, калі я зноў убачыла яе ў піццэрыі з тым самым італьянцам. Спачатку, як пацыент пасля горкага дыягназу, я не хацела пагадзіцца з фактам, што гэтае пачуццё трэба назывваць раўнівай зайздрасцю. Нейкая млосць недзе ў грудной клетцы, напятасць, як фізіялагічныя праявы пры месячных, раптоўны наплыў асамотненасці і барацьба з мітуснёю думак. Спроба ўпарадкаваць пачуцці і ўлавіць у гэтым сумбуры хоць бы якую там рацыянальную прычыну раздражнення. Яна глядзіць на мяне ўсмешліва і здзіўлена. Як бы разумеючы мой унутраны стан. Падыходзіць. Вітаецца, цалуе ў шчочку. Просіць, каб я ўвечары патэлефанавала, і хуценька ўцякае да свайго залётніка. Мяне захліствае хваля незычлівасці да яе і нават пагарды. Гэта як бы другое аблічча зайздрасці, таго пачуцця, з якім я павінна даць сабе рады і сама ж на яго ўправу знайсці.
Такое са мною ўжо колькі бо разоў бывала. Памятаю свайго першанькага ў Кракаве, з якім мы ўзаемна адкрывалі сабе рэакцыю нашых целаў на электрызуючыя дотыкі і цалункі. Не ведаю, ці было тое першым каханнем, але калі аднаго разу я ўбачыла яго з іншай дзяўчынай, адчула востры боль. Як бы нешта ў мяне адабралі ці ўкралі.
Я шмат разоў аналізавала гэты стан, які называюць хто зайздрасцю, хто рэўнасцю, і кожнага разу трапляла ў тую самую скрынку, у якой схавана старадаўняя таямніца чалавецтва, то бок, суадносіны ўласнасці. Аж тры пункты дэкалогу прысвечаны гэтаму непасрэдна, астатняя рэшта ў пэўным сэнсе таксама. Ці ж бо гэта не таямніца? У маіх пазнейшых закаханасцях ці мала калі здараліся сітуацыі, што адносіны з каханым пераходзілі ў стан прыўлашчання. Зрэшты, апошнім часам з Маркам, хлопцам, з якім ужо больш года я цацкаюся тут у Менску, перажыла нешта падобнае. Аднаго разу ён уброіў мне авантуру, што, бач, цягаюся начамі па дыскатэках. Гэта была яго апошняя напамінка ў такім стылі. І хоць у мяне была вялікая хэнць на яго ў той вечар, я бразнула дзвярмі і сышла ад яго на добры тыдзень. Потым была сур'ёзная размова за вялікім півам. Ён зразумеў тое, што я ў сваім жыцці ўзяла сабе за галоўны прынцып, - не будзе, хто б ты ні будзь, абмяжоўваць маю свабоду. Я не ўласнасць дзяржавы, я нічыя не ўласнасць. І канец.
Якраз тады я і пачула ад яго ладны маналог пра рэўнасць. Як бы яму рассланіліся хмары над галавой. Сказаў, што рэўнасць мае выгляд і рысы, якіх яму акурат і бракуе. Рэўнасць - гэта высокі шатэн са спартовай фігурай, ездзіць на дужа добрым аўто, мае залатую Visa-карту, вядзе рассупоненае жыццё, што дае яму перавагу ў кожнай гутарцы і дыскусіі.
Я прызнала за ім рацыю, калі аналізавала сваю рэўнасць. Трапнае апісанне. Зайздрасць, рэўнасць мае статныя ногі, доўгія падвітыя валасы, большыя грудзі, меншы нос, ведае больш моваў, прачытала больш кніг і, вядома ж, разумнейшая.
Рэўнасць трэба апісваць як іншую асобу, якая здаецца лепшай, разумнейшай, багацейшай, прыгажэйшай...