XXXVII


Калі наступнага дня раніцай я прыйшла ў бальніцу, яна ўжо была ў лепшым настроі. Гуляла па калідоры, весела размаўляючы з нянечкай. Я прынесла добрай гарбаты, булачкі. У куце каля акна мы рашылі зладзіць сабе невялічкую кавяраньку. Саграваючы рукі гарачым кубкам з гарбатай, яна выпрастала пальцы і далікатна дакранулася да локця. Сядзелі мы адна каля адной. Яна расказала пра той драматычны для яе тыдзень, калі рашылася на аборт.

Дзіма ўсё часцей і часцей даваўся ёй у знакі, пазбягаючы спатканняў і апекі, якое, як ёй здавалася, ён павінен быў ёй даваць. Апрача таго такая няпэўная перспектыва. Што рабіць каля такога чалавеа? Слухаць балады і чакаць на кухні з абедам, калі вернецца дадому чортведама адкуль? Апрача таго - да якога дому? Яны ж абое без граша і без надзеі на якую-небудзь разумную перспектыву. Так што пакуль што можна неяк жыць, аднаму, без адказнасці за іншых. Сёння ёсць чым перакусіць, заўтра няма - гэта не мае значэння, бо ж не хлебам адным жыве чалавек. Даволі складана яна пачала расказваць гісторыі сваіх сябровак, якія мурзаюцца ў смуродзе кухонных клопатаў. Бліны, смажаныя на алеі, цыбуля і часнык. Усё гэта разам праз нейкі час стварае такія букеты, што ў аўтобусе ці ў метро на адлегласці пазнаеш па паху, чым занятыя мазгі такой дамы і як моцна спустошылася яе душа. Крыху зазнала ўжо ў сваім жыцці гэтага дабра. Годзе.


Некалькі дзён таму назад яна папрасіла Дзіму, каб з ёю пайшоў да бацькі на дзень народзінаў. Узялі бутэльку армянскага каньяку, яна купіла нейкую касметыку і паехалі на кватэру да бацькоў, дзе яна правяла колькінаццаць гадоў. Бацька прыняў іх ветла, цёпла, пацалаваў Дзіму, яе таксама сардэчна абняў. Пасля двух-трох кілішкаў развязаліся языкі. Бацька, якому стукнула шэсцьдзесят, пачаў успамінаць маладыя гады. І тут пайшлі праблемы. Выявілся, што нарадзіўся ён пад Беластокам, чаго Дзіму хапіла, каб пасля пятай чарчыны дацца ў іронію наконт псеўдапольскага радаводу. Яе гэта да таго раззлавала, што яна нагадала яму пра яго расейска-савецкае паходжанне. Усё, можа, закончылася б кароткай звягай. Але Дзіма зацяўся, палез на тычкі. Бацька, не заўважаючы напружання паміж імі, расхадзіўся яшчэ больш і пачаў успамінаць пра дзяцінства сярод лясоў і нетраў Калымы. Пейзажы, апісаныя Салжаніцыным. Дзіма, вельмі добра абазнаны ў гэтай літаратуры, ахвотна падбрэхваў бацьку, і абодва амаль дзве гадзіны перасыпалі гутарку цытатамі з «Архіпелага Гулага». З жывой памяццю здарэнняў, асобаў і краявідаў. Чакай, чакай... падумала яна, ужо добра навастрыўшыся, - а як гэта бацька дзіцём быў пры ўсім гэтым. Як гэта не ведаеш, здзівіўся ён. Але ж ён ніколі не гаварыў ёй да канца, што дзед служыў у НКВД і пасля вайны, відаць, за неабыякія заслугі ў камісарскай працы ў заходняй Беларусі быў «узнагароджаны» паездкай з сям'ёю на Калыму ў патрульныя батальёны. Гэта былі некалькі страшных гадоў. Месяцамі бацька не бачыў сям'і. Жылі разам з іншымі дзецьмі ахоўнікаў ў дзіцячым доме. На Калыму ён наязджаў позняй вясною і сядзеў з бацькамі да верасня ў бараках, дзе сем'і астатніх ахоўнікаў таксама душыліся ў асобных пакойчыках з агульным доўгім калідорам. Тыя дні, праведзеныя з бацькамі, былі падшытыя страхам, суровасцю і непрыязнасцю ўсіх да ўсіх. Памятае бледныя і халодныя бацькавы далоні. Ужо хлапцом на свае вочы бачыў зэкаўскія бунты. Іх папярэджвалі, каб не адыходзіліся далёка, бо ў лесе ўцекачы хапаюць дзяцей на ежу падчас працяглых уцёкаў. Ніхто з іх не хацеў стацца мясам, ежаю вязням. А можа іх толькі так палохалі. На свае вочы бачыў трупы, якія валяліся па ваколіцах, іх страшэнна вырачаныя вочы, па якіх поўзалі вялікія зялёныя мухі.

Дзіма слухаў, рот раззявіўшы, яна са злосцю. У Дзіме нарастала пачуццё палёгкі, і яна гэта заўважыла. Ён мог нарэшце паглядзець спакойна і сказаць ёй - сама бачыш, усе былі замазаныя. Мае бацькі - гэта савецкія салдаты, расейскія акупанты, а Ты, куды якая мне патрыётка, паглядзі на гісторыю сваіх найбліжэйшых.


Яе шалёная ятра раптам як бы зацвярдзела. Яна глядзела на бацьку з усё большай нянавісцю. Чаму не разлічыліся з той мінуўшчынай, чаму не сказалі ёй, чаму маўчалі? Чаму ўсім гэтым быў замазаны яе дзед, які так пяшчотна гугулькаў з ёю ў дзяцінстве і чукаў на каленях? Яна памятае ягоныя вочы, якія ледзь не да самай яго смерці былі поўныя волі да жыцця, хоць спаралізаванае цела яго на ложку адмаўлялася слухацца і не выконвала ўжо многіх функцый. Палкія вочы замоўклага і знерухомелага ў пасцелі былога спраўнага ката. А можа, ён і не быў катам? Можа, толькі працаваў у нейкім тэхнічным аддзеле, выпісваў накладныя на машыны, рыхтаваў дакументы. Слабое суцяшэнне. Шалёная і са слязьмі на вачах выскачыла яна з памяшкання. Плакала па дарозе да аўтобуса і ў аўтобусе, у трамваі, у метро, а яшчэ больш на лесвіцы да сваёй кватэры, калі мерны стукат ботаў і водгалас гранітных прыступак давялі яе да поўнай знямогі.


У бальнічным калідоры п'ем гарбату. Яе вочы ў слязах. Цёплы дотык далоні. Не магу зразумець яе гневу на Дзіму і нянавісці да гэтага дзіцяці, якое магло нарадзіцца. Нешта ў гэтым цёмнае, змрочнае. Поўнае пытанняў і прыхаваных эмоцый. Насычэнне агрэсіяй і страхам. Страх. Адвага. Подласць. Вольная воля.


Сама не ведаю, як бы я зрабіла на яе месцы.

З Дзімам яна рассталася на другі дзень, бразнуўшы дзвярыма ў яго перад носам, калі ён хацеў увайсці да яе і спрабаваў зачапіцца размовай. Гэтая іранічная ўсмешачка ў куточках ягоных вуснаў. Ён усё высвятляў, быў як злы праваднік на доўгую дарогу ў няпэўную будучыню.

Вось табе й маеш той выбар. Цяпер альбо цэлы наступны раздзел жыцця расклеіць цябе і размажа. І больш не вылезеш з гаўна. Ляснула дзвярыма і не ўпусціла яго. Два дні не выходзіла з пакоя, не адказвала на званкі. На трэці дзень паехала да знаёмай у раддом, ды так у бальніцы і засталася.


Загрузка...