II


Нечакана мы спаткаліся зноў у суботу на картынгавым полі, дзе менская моладзь бавіць дапалуднёвы час у спартыўных заездах. Прывёз мяне туды Вова, даўні, яшчэ з савецкіх часоў хіпі, на рахунку якога адсідка ў сярэдзіне васьмідзесятых за дармаедства. Аўтар мяцежніцкіх вершаў, але больш вядомы тут як гаспадар «Harley Davidson'a». Адзін з нямногіх у Беларусі «жалезных братоў», які ў гэтыя цяжкія часіны яшчэ мае сілу разбэшчваць моладзь занадта і залішне, як на саракагадовага, шпаркай і шумнай яздой.

Вова паказвае мне свет менскай залатой моладзі, разбагацелых тарбахватаў і беларускіх нуварышаў. Усім падавай нестандартныя машыны, нестандартную хуткасць, грукат і смурод выхлапных газаў.

За гэтым светам стаіць патрэба волі і вольніцы. Неацуглянай і неабмежаванай.

Нямала мужчын прыходзіць толькі дзеля таго, каб не страціць кантактаў з калегамі. Іншыя - павыстаўляцца з новымі бабамі. А яшчэ - каб папасвіцца сярод дзяўчат, што наведваюцца сюды, а тое і закадрыць каторую. Альбо проста пазнаёміцца з кім-небудзь талковым ды пракінуцца з ім увечары на дыскатэку.

Трапляюцца і такія, што прыходзяць з жонкамі, але, напэўна ж, каб паказаць ім, што іх свет не замыкаецца ў чатырох сценах сужэнскіх мусовасцяў.

Вова расказвае мне, што большасць яго калегаў - тут на картынгу, гэтым своеасаблівым аўкцыёне новых аўтамабіляў, новых цёлак, прыкідаў. Але сам ён гэтым грэбуе. Прыязджаюць, каб сваёй штучнай і пластыкавай душою прыляпіцца да сапраўднага свету.

Махнуў рукою ўбок дзяўчыны каля матора - гэта адна з такіх дзельных баб у гэтым горадзе. Уяві сабе, заснавала з яшчэ некалькімі маетніцамі матацыклаў і скутэраў клуб «жалезных сёстраў». У піку хлопцам надзелі скураныя курткі, пакуплялі матацыклы і з вясны да канца лета аб'язджаюць усёй грамадай цэнтр горада альбо кавалькадай шыбуюць у Горадню, Берасце ці Наваполацак. Там сустракаюцца з намі. Бывае, вітаем і адпраўляем праезджых байкераў на Маскву альбо Парыж. Апошнім часам быў тут у нас Анджэй з Варшавы, валацуга і вырвас, які гадоў наццаць правёў у Штатах і мае на рахунку вялікія жалезныя выправы вакол свету.

Прыгадваю, аднаго разу ўлетку я бачыла кавалькаду матацыклаў і адчула, як ад іх павеяла свабодай. Але ў Менску кіроўцы растуркатаных машын не прымаюць на сур'ёзе матацыклістаў ці веласіпедыстаў. Тут небяспечна. Можа, рыхтык дзеля таго і ездзяць. Насуперак.

Вова падыходзіць да матацыклісткі, падштурхоўваючы мяне бліжэй, каб я пазнаёмілася з ёю. Яна разгінаецца ад мшыны, паварочваецца, і ў сонечным бляску асфальтавай пляцоўкі ўсю мяне аблівае знаёмая цёплая ўсмешка.


Загрузка...