Прыехаў да яе нейкі журналіст з Вільні. Беларус з летувіскім грамадзянствам. Яна патэлефанавала мне позна ўвечары, каб падскочыла як мага хутчэй.
Справа пільная, патрабуе, каб без адкладу. Калі я праз паўгадзіны пад'ехала, яна прадставіла мне Валеру. Я чула пра яго. Палітычна заангажаваны журналіст і перспектыўны беларускі пісьменнік малодшага пакалення. Выглядаў дужа змардаваным. Зарослы, у лахманах, з запалымі вачыма і шэрай скурай.
Гатуючы на скорую руку гарбату на кухні, яна расказвае мне, што яны знаёмыя ўжо каторы год, з выцечак у Вільню і Палангу. І заўсёды ў адной кампаніі падчас вакацыйных вандровак. Прыехаў на яе менскую кватэру без грошай у пазычанай вопратцы, з дзікім страхам у вачах, набытым, як экзатычную хваробу, недзе ўглыбіні Расеі.
Калі яна падавала гарбату з жаласцю ў вачах, ён папрасіў шклянку гарэлкі. Пачаў расказваць пра ўсе свае прыгоды, якія я нізавошта не акрэсліла б як прыгоду. Зрэшты ён яе зусім і не шукаў.
Ужо два гады ён меў добрага знаёмага ў Расеі, недзе далёка за Ўралам. У той мясцовасці, кіламетраў так з дзвесце далей, жыве яго дзядзька. Дамовіліся яны ў справах нейкага інтэрасу і зварганілі некалькі кантрактаў на зусім-такі неблагую суму, недзе так тысяч на сто даляраў. Гешэфт пайшоў на пагаршэнне пасля расейскага жнівеньскага дэфолту 1998 года, і адносіны паміж імі пайшлі на спад. Але пасля году маўчання калега азваўся-такі і папрасіў прыехаць, шчыра падкупіўшы тым, што ў іхніх справах можа распачацца новы этап. І ён рашыў прыняць запрашэнне калегі, спалучыўшы паездку з даўно адкладаным візітам да дзядзькі, у якога ў дзяцінстве некалькі разоў праводзіў вакацыі.
Пасля двухсутачнага падарожжа цягніком з Вільні, праз Маскву, даехаў. Калегі на вакзале не было, што не здалося яму падазроным, бо аж так дакладна яны і не дамаўляліся. Хоць той раней заўсёды яго сустракаў. Ну, але ж цяжка, падумаў, пэўна, моцна заняты. Узяў таксі і ад вакзала хутка даехаў да бетоннага блочнага дома, дзе і знайшоў знаёмы адрас. Пад дзвярыма доўга стаяў і званіў. Чуў нейкі пошум па той бок і адчуваў, што яго пільна разглядваюць у вочка. Даволі марудлівая пачаканка, але дзверы такі адчыніліся. Убачыў свайго калегу як падмененага, як прыбітага, змучанага, п'янага ці мо нават пад наркатою. Павіталіся даволі холадна. Запрошаны на кухню, корпаўся там, дастаючы з вялікай сумкі ўсе свае віленскія запасы жыўнасці, з якімі і раней заўсёды прыязджаў, - высока цанёныя ў Расеі каўбасы, сыры, рыба ў бляшаначках і дзве бутэлькі добрых налівак.
І тым часам чуў, што ў пярэднім пакоі адбываецца нейкая драматычная размова па тэлефоне яго расейскага калегі з кімсьці незнаёмым. Але нічога не западозрыў. Увайшоў у ванную, праз хвіліну вярнуўся на кухню, замітусіўся між сталом і халадзільнікам.
Селі з калегам насупраць. Гаспадар наліў гарэлкі ў дзве брудныя шклянкі і, цяжка асунуўшыся на крэсла, падняў тост за сустрэчу. Нічога не паказвала на непрыемнае развіццё падзей, хоць ужо тады Валера адчуў нейкі невытлумачальны страх. Пасля другой шклянкі расейскі партнёр па інтэрасе ўадкрытую спытаўся, колькі грошай прывёз з сабою. Насамрэч па тэлефоне была гаворка пра абавязковыя дзесяць тысяч даляраў, але Валера не зразмеў, што іх трэба прывезці з сабою. Дык ён адказаў, што пакуль што прыехаў агледзецца і пабалакаць. Па твары кампаньёна раптам паплыла хваля прыкрасці і роспачы. Валера зразумеў, што тут да чаго, калі з суседняга пакоя ўварвалася шобла рослых дзецюкоў у скуранках і, заламаўшы яму рукі, паваліла на падлогу. Давай грошы! Праверылі яго партфель і ўсе патайнікі ў заплечніку. Валера думаў, што, забраўшы дзвесце даляраў у дробных банкнотах, якія ён меў пры сабе, яго пакінуць у спакоі. Бандыты, аднак, не спыніліся на вобыску. Надзелі яму мяшок на галаву і вывелі з пакоя, забараніўшы крычаць пад пагрозай лупцоўкі і нават забойства.
Доўга ехалі ў машыне, пасля правялі нейкім доўгім калідорам па прыступках уніз, пасля зноў калідорам. Папіханаму і штурханаму яму не было калі і як уважліва разглядаць праз дзіркі ў мяшку, дзе ён і куды яго вядуць. Зрэшты, і без таго ён не ведаў гэтага горада настолькі, каб адважыцца на ўцёкі. Страх нарастаў. Вядуць выканаць свой прысуд. Але за што. У яго ж не было ніякіх даўгоў, у інтэрасе з калегам год таму назад ён нават страціў на апошняй здзелцы больш за тысячу даляраў, але яны паабяцалі сабе, што пры нагодзе ўсё кампенсуюць.
Я падумала, што, можа, тут гаворка пра нейкі гандаль зброяй ці наркотыкамі. Калі я спыталася адкрыта, Валера раптам узвіўся на мяне, аблаяў і сказаў, што гаворка ішла пра матэрыялы для прамысловай вытворчасці машынных дэталяў.
Толькі па паху зарыентаваўся, што ён у сутарэнні. Праляжаў звязаны цэлую вечнасць. Можа, ноч ці суткі. Прасіў піць. Нарабіў пад сябе. Звязаны, з кляпам у роце, гатовы да ўсяго. Чакаў ужо толькі хіба што хутчэйшай смерці.
Ён пазіраў на нас, перапыняючы свой расказ доўгімі хвілінамі маўчання. Мне здавалася, быццам ён хацеў падзяліцца словамі малітвы, якія вымаўляў у такі драматычны момант. Можа, прасіў лёгкай смерці, можа, збавення, можа, вады і хвіліны паслаблення здранцвелым рукам і нагам.
Прайшла цэлая вечнасць, з якой ён выхопліваў гукі з вуліцы і гарадскога шуму, чыесь неразборлівыя галасы, дзіцячыя крыкі. Трымаў у памяці ўсе гэтыя шумы, спрабуючы скласці нейкі разумны вобраз атачэння. Але чым далей, тым больш усё цямнела, чужынела, жахліва набліжаючы да смерці.
Прайшла чарговая вечнасць, аж наблізіліся гукі і прыглушаныя галасы тых, якія яго звязалі. Уласна, гэта быў адзін голас, які ён запамятаў. Не расейскі акцэнт, а нейкі грузінскі, чачэнскі, хоць, можа, з такім жа поспехам з Узбекістана ці Арменіі.
У голасе вайсковая хрыпатасць, якая так добра помнілася з часоў службы ў савецкай арміі. Ахрыпласць чалавека, які перажыў няляда ўсяго ўсякага, скурыў цэлую краму пяпяросаў, выпіў бровар гарэлкі і начворыў такіх рэчаў, галоўная рыса якіх тое, што пра іх трэба як найхутчэй забыць.
Ляжаў тварам на вільготным бетоне. Калі да яго падышлі, ён умольна застагнаў і заенчыў. Развязалі ногі, знялі мяшок і спыталіся, якога ражна яму трэба. Папрасіў вады і таксама спытаўся, чаго ад яго хочуць. Пачуў смех. Гэта ж бо відавочна - чаго. Дзесяць тысяч баксаў. Дзе іх трымае, дзе іх схаваў. Ён зразумеў, як мала вартае яго жыццё. У галаве маланкава прамільгнуў каталог знаёмых, якія маглі б пазычыць на выкуп. Пасля некалькіх пытанняў зразумеў, што ягоны калега нарабіў даўгоў, павінен быў разлічыцца, але не было чым. І ён рашыў завабіць яго і «прадаць» як заклад пад неаддадзены доўг.
Зарыентаваўся ў вельмі простай сітуацыі і прапанаваў патэлефанаваць у Вільню і папрасіць жонку, каб паслала калегу з грашыма. Захопнікі пайшлі на такую замену. Забралі яго з сабою ўгору. Выходзілі з падвала, і яркае святло з калідора лесвічнай клеткі ледзь не паваліла яго на падлогу. На момант ён абаперся аб сцяну. Хрыпаты Голас за плячыма ўталкоўваў, што з ім будзе, калі паспрабуе збегчы. І задаў рух ягонаму ўяўленню, сказаўшы, што тут паўным-поўна яго калегаў. Не толькі ў гэтым горадзе, а ў цэлай Расеі і на свеце. Маса карашоў з арміі. Такія ж сама рашучыя, такія ж сама зацятыя, такія ж сама гатовыя каго хоч забіць. Са зброі ці голай рукою. Уночы і ўдзень, у натоўпе ў цэнтры горада і на вачах у міліцыі. З-за зацемненых шыбаў мерседэса і з бруднага грузавіка. У цягніку, самалёце, на караблі. Шанцаў - ніякіх.
Можа, Хрыпаты Голас залішне хваліўся, але гэтага ставала, каб на некалькі дзён паралізаваць у ягонай галаве любыя праекты магчымых удалых уцёкаў.
Прайшлі па лесвіцы некалькі паверхаў. У канцы доўгага калідора дзверы, абабітыя з сярэдзіны карычневым дэрмацінам. Ідучы, не бачыў нікога з насельнікаў. Цішыня. Поўны корпус людзей, звычайны блочны дом, якіх у Расеі сотні тысяч. Адзін да аднаго падобных. Масква, Пецярбург, Яраслаў, Растоў, Смаленск, Казань? Выбірай любы, і нічога іншага не ўбачыш, апроч абабітых дэрмацінам дзвярэй, шэрых і смярдзючых лесвічных пралётаў, падрапаных сцен. Гэты характэрны савецкі пах гнілое цыбулі, як гаўно немаўляці. Пах, які выпаўзае з кожнай савецкай кватэры, з кожнай савецкай кухні, кожнай савецкай валізкі на вакзале. Будзь тое Вільня, Варшава, Амстэрдам, Гамбург, Парыж. Пазнаеш чалавека з постсавецкай прасторы па гэтым задушлівым паху.
Вялікім дасягненнем Летувы ён прызнаваў не факт незалежнасці, дэмакратыю, грамадзянскія свабоды, а тое, што праз некалькі гадоў гэты агідны пах знік. Зрэдзь-часу яшчэ сям-там прабіваецца, як ліхі ўспамін, кашмарны сон. Гэты пах варта трымаць у слоіках для будучых пакаленняў. Каб ведалі, што нават калі Саветы перасталі існаваць, дык іх жахлівы нячысцік паяўляецца ўсюды, пакідаючы па сабе смурод, войны, бяду, беспарадак і жорсткасць звычайных людзей да звычайных людзей.
Валера быў ужо яўна пад уплывам шклянкі гарэлкі. У ім загараўся агонь нянавісці да ўсяго, што яго звязвала з гэтымі днямі.
Расказваў далей.
Патэлефанаваў у Вільню і сухім тэкстам пераказаў жонцы, што яна павінна арганізаваць грошы на добры гешэфт, што ён тут чакае і хай прыедзе калега.
Захопнікі перавялі дух. Колькі дзён прыйдзецца чакаць. Можа, два, чатыры, пяць. Дамовіліся, што паслязаўтра перазвоніць, каб праверыць як ўсё ідзе там у жонкі. А яму тым часам дазволілі зайсці ў ванную. Ён вымыўся, памыў майткі і штаны. Ахінуўшыся ручніком, вярнуўся ў пакой. Сеў побач з Хрыпатым Голасам. Захопнікі гатавалі сабе абед. Цыбуля, гуркі, кавалкі смажанага мяса. Адзін з іх сюд-дуд дастаўляў з кухні на сквірчастай патэльні новую порцыю. Заядалі лустамі чорнага хлеба. У шклянках паявілася гарэлка. Пачаставалі і яго, завялі пустую гаворку. Хрыпаты Голас расказваў пра Чачэнію. Ён быў там наёмнікам. А сам з Туркменістана. Вывучаў ў Маскве літаратуру, філасофію і псіхалогію.
Калі выпілі па дзве шклянкі, Валера рашыў праверыць узровень адукацыі Хрыпатага Голасу. Пачаў з Пушкіна. І тут у яго адвісла сківіца. Хрыпаты Голас ведаў не толькі творчасць Пушкіна, але і апошнія кнігі гісторыкаў літаратуры. Знехаця расказаў пра псеўдаадкрыцці Юрыя Дружыннікава, які фактычна размножыў веды пра расейскія міфы, вядомыя кожнаму студэнту-філолагу ў Маскве і Піцеры.
Пасля трэцяй шклянкі Хрыпаты Голас ужо чытаў напамяць Блока і Ясеніна. Трэба прызнаць, што ягоныя калегі з такім самым подзівам, як і Валера, слухалі таленавітага кораша.
Падвечар Валера ўжо хадзіў у прыяцелях. Хрыпаты Голас абяцаў яму нават запісаць у сшытак свае вайсковыя гісторыі.
Гісторыі - як матрошкі. Адчыняеш, а там чарговая. Валера паказаў сшытак. Два вечары засяроджанасці, і Хрыпаты Голас запоўніў некалькі дзесяткаў старонак дробнымі, падрабязнымі апісаннямі. Што ні сказ - то нейкая людская трагедыя, начныя баі, ваенныя оргіі, людскі плач і адчай.
Праз тры дні зноў патэлефанаваў жонцы ў Вільню. Хвіліна няўвагі бандытаў дала яму магчымасць кінуць некалькі фраз па-летувіску. Ведаў, што ніхто з прысутных не зразумее. Сказаў толькі, што ў небяспецы, пастараецца ўцячы, а калега з грашыма хай прыедзе, але не з'яўляецца па тым адрасе, пакуль не атрымае ад яе пацверджання, што можна. Пасля гэтага летувіскага прарыву Хрыпаты Голас падскочыў, выхапіў у яго слухаўку, шпурнуў на апарат і сваім магутным вайсковым кулаком уваліў у твар. Валера заліўся юхаю, кульнуўся на падлогу і ляжаў без руху. Хрыпаты Голас загадаў яму яшчэ раз патэлефанаваць жонцы, растлумачыць ёй, што нехта выпадкова перабіў іхнюю размову, але ўсё застаецца без зменаў, чакае грошай.
Прыехаў Марк. Мы ўсхапіліся, быццам хацелі даць яму больш месца вакол гісторыі, расказванай Валерам. Яна выйшла на кухню па гарбату, я коратка ўвяла Марка ў курс Валеравай гісторыі. Марк увесь ператварыўся ў слых. Валера расказваў далей.
Яму дазволілі жыць разам з імі, яны чакалі грошай, ушчыльняючы час гарэлкай, тэлевізарам, картамі. Адзін толькі Хрыпаты Голас час ад часу запісваў у сшытку выдуманыя, а можа, праўдзівыя баявыя гісторыі. Валера адпачыў пасля падвала, але ўважліва аглядаў памяшканне, выгляд з акна, натаваў у памяці цыкл дзяжурстваў сваіх вартавых. У чацвёртую ноч пасля добрай папойкі Валера ляжаў у ложку толькі ў майтках, побач на падлозе і на канапе спалі тыя. Храплі як на вышках. Яму закарцела ў туалет, і ён ціхенька пакінуў пакой. На кухні спаў чацвёрты ахоўнік. Таксама ў сцельку. Тады маланкава мільганула думка пра ўцёкі.
Не доўга думаючы, схапіў першыя выпадковыя боты, штаны і світар. З-за камоды ў калідоры ўзяў сшытак з нататкамі і сваю малую сумку, у якой, як выявілася пазней, не аказалася ягоных дакументаў. І сам здзівіўся, як лёгка далося пакінуць памяшканне. Пот страху, напруга і адчуванне соннай нерэальнасці - усё гэта выштурхнула яго з дома, па лесвіцы якога ён босы збег некалькі паверхаў уніз, бадай, хутчэй чым самы сучасны ліфт.
У кустах апрануўся і рушыў наперад. Праз некалькі кіламетраў шалёнага бегу ў бок цэнтру горада натрапіў на міліцэйскі патруль. І тут успомніў словы бандытаў, якія папярэджвалі яго, што ўсюды маюць знаёмых і дастануць яго з самай цёмнай і глухой нары. Калі б яго цяпер затрымала міліцыя, ён не мог б растлумачыць, што і навошта ён тут робіць. Ён завярнуў у цёмную падваротню і перачакаў, калі святло аўтамабільных фараў аддаліцца. Потым зноў рушыў да цэнтра.
Непадалёк ад вакзала чарговы патруль міліцыі. Сеў на лаўку ў кустах. Развіднялася. Аслабелы ён абапёрся і на хвіліну заснуў. Разбудзіў яго смурод. Побач на лаўцы сядзеў бомж. Тыповы расейскі бяздомнік са смярдзючым дыханнем, дзікімі вачыма і зарослым, як у яго, тварам. Не была гэта прыемная сустрэча. Але Валера адразу знайшоў у чалавеку прыязную душу. Разгаварыліся. Бомж быў малдаванін. Але не жыў там з самага дзяцінства. Працаваў на будоўлях Сібіры цеслем. Потым спёкся на нейкім крадзяжы, адсідка, потым - без даху, без працы, дурная прывычка выпіваць з самай раніцы. А на гэта час-парою трэба быць пры валюце. Хоць пару рублёвак. Так вось і бадзяецца па ўсіх былых саветах. І ў Вільні быў, але яшчэ да таго, як шчыльна зачынілі граніцу. Падарожнічае ў таварняках. Дасканала ведае, як і калі знайсці адпаведны цягнік. Ведае, што рабіць, каб не трапіць у рукі чыгуначнай міліцыі. Я прапанаваў яму, што забяспечу яму жратву ў знаёмых у Кіеве, калі дапаможа мне дабрацца туды. Той падумаў. Згадзіўся, але на Кіеў цягнік будзе толькі заўтра ноччу альбо паслязаўтра. Бо пачалі вазіць збожжа. Гэта добрыя вагоны. Цяпло, суха і лёгка схавацца.
Бомж прапанаваў яму супу на сняданак у сталоўцы ў манашак каля царквы. Валера не памятае, каб калі еў смачнейшы булён. Цудоўныя праваслаўныя паслушніцы ў доўгіх шэрых спадніцах шчыруюць у садзе. Валера падрадзіўся дапамагчы ў працы ўзамен за начлег у сцёбцы. Яго новы прыяцель таксама прыстроіўся. Праз два дні цяжкай працы і добрага пакормнага харчу яны зніклі ў пашчы ночы.
Падарожжа ў збожжавых вагонах сапраўды было не з самых горшых. Адна толькі бяда. Пропадзь насякомых, мышэй і нейкіх пачварных аваднёў, якіх і назваў не ведаў. Збожжа аднекуль з Казахстана. Бруднае, месцамі вільготнае. Багата будзе гарэлкі. Вядома, украінскай - гарнай.
У Кіеве знаёмыя як толькі ўбачылі яго ў кампаніі з бамжом - за галаву схапіліся, падумаўшы, што ўжо ці не канец з ім. Доўга і блытана тлумачыў ім, як трапіў ва ўсю гэтую авантуру. Не вельмі верылі. Але накармілі, далі апрануцца і грошай на білет. Тады толькі рашыўся рызыкнуць на паездку ў Менск. Натуральна, праз зялёную граніцу. У Менску ў летувіскім консульстве заявіў пра згублены пашпарт і да раніцы будзе чакаць якога-небудзь дубліката. Але баіцца вяртацца ў Вільню.
У яго цёмна-зялёных вачах праз хвіліну зноў прабліснуў страх. Быццам уся вывергнутая з сябе гісторыя яшчэ глыбей дала яму ўсвядоміць, што нават тут ён не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Марк адчуў гэты настрой і адразу прапанаваў яму кватэру сваёй цёткі ў Рызе. Можа паехаць туды хоць заўтра і сядзець там хоць паўгода.
Мы выпілі яшчэ крыху і, заўважыўшы стомленаасць як самой гаспадыні, так і госця, рашылі развітацца. Паехалі да сябе ў сяло, г.зн. у цэнтр Менска. Было ўжо позна. Калі Марк павольна набліжаўся да яркага ліхтара каля нашага дома, я папрасіла, каб скінуў хуткасць. Мужчына ў зялёнай куфайцы, схіліўшыся да распраўленай на табурэце бляхі, разграбаў нейкія дробныя каменьчыкі. Што ён такое робіць. Марк усміхнуўся і паціснуў плячыма.