Яна прызналася, што аднаго разу, вярнуўшыся ў Менск з другой паездкі ў Братыславу, села ў скверы сярод латкоў з карцінамі, матрошкамі і іншымі такога роду шадэўрамі мастацтва. Піла піва з бутэлькі, бяздумна ўглядваючыся ў прастору перад сабою. Было позняе папалудне. Адчула на сабе доўгі ліпкі позірк мужчыны, які сядзеў на лаўцы з дзяўчынай. У дзяўчыны кідкі макіяж, яна прамянілася прадажным сексам, была ў кароткай спаднічцы і спакушала выстаўленымі на публічны агляд зграбнымі нагамі.
Мужчына запаліў папяросу, не спускаючы драпежна-прагнага позірку. Спачатку яна падумала была, што гэта звычайная цікаўнасць. Пасля змеціла той двухсэнсоўны сальны лоск на твары, якім мужчына надзіць і заахвочвае да скоку ў невядомае.
Далей яна расказала, што мінула больш дзесяці хвілін і мужчына падышоў да яе, загаворваючы пра ўсё, пра што можна загаварыць у скверы сярод карцін, пахаджалых турыстаў і запыленай зеляніны. Па хвіліннай размове яна ўжо адчула сябе як у памяшканні з замкнутымі дзвярмі. Паспрабавала выбрацца, хоць з цяжка хаванай абыякавасцю кідала фразы на тэму сваіх выдуманых штодзённых заняткаў. Нібы хацела спадабацца мужчыну сваёй бескампраміснай пазіцыяй. Праз паўгадзіны да іх падышла вышмінкаваная паненка на высокіх абцасах і з нудою на твары. Толькі тады яна дацяла сваю наіўнасць і што на ўме таму тыпажу. Адразу ўбарохталася ў правакацыю, якую спачатку трактавала, як пацешную забаву. Прапанова працы па тэлефоне. Ён абсыпаў яе кампліментамі і бажыўся, што выбіраць сабе кліентаў яна будзе сама. Яна настолькі ладная і прывабная, што не абавязана кідацца на любую прынаду. Грошы тут жывыя, халяўныя, а за апеку ён бярэ толькі палавіну. Яно зусім нязгорш як на менскія расцэнкі, калі сутэнёры здзіраюць з дзяўчат большую долю ўтаргоўкі.
Пасля гэтай размовы яна нават не адчувала абрыдлівасці да сябе. У галаве шумела выпітая бутэлька піва. Узяла нумар яго мабільніка і, удаючы свой поўны спакой, пайшла ўбок бліжэйшай станцыі метро. Дома адразу нырнула ў сямейны спакой перад тэлевізарам і ў пустыя размовы пра нішто.
Менавіта тады яна і наважылася напісаць цыкл нарысаў, у якіх менскія дзяўчаты спавядаюцца ў тонкасцях сваёй вулічнай працы (і не толькі). Артыкулы прынеслі ёй розгалас, некаторыя газеты давалі даволі добрыя, як на Менск, сумы за большыя тэксты ў суботне-нядзельныя выпускі.
Муж быў вельмі незадаволены гэтым. Кпіў, што з такой журналістыкай адкрытая дарога ў бульварныя рубрыкі. Пасля адной такой вострай размовы яна ўзяла купленыя незадоўга да таго ролікавыя канькі і, заплёўшы валасы ў дзве школьныя касіцы, выскачыла з кватэры і правяла рэшту дня ў размашыстым раз'язджанні па навакольнай асфальтавай арэне, як істая наццатка.