каханне
вывяраю яго
як падкіданне крышталёвага шарыка
каб не схапіць лішне моцна
і не раздушыць
ад мяне да цябе
ашаламляльна поўны пералёт
ад мяне да цябе
а ў тым пералёце спасцігаеш раптам
буфер паветра
подых космасу
як жа цудоўна мякка
вяртаецца шар
убіваючыся
у клуб майго цела
гэта як распусканне
у прасторы і паветры
у космасе тваёй душы
без страху
вяртанне шара як нараджэнне
можна сябе загубіць
у поўным нутры
вільготнай бяспекі
чарговы подзьмух ужо без кахання
і пакуты
толькі ў зачараванасць і радасць
вяртаемся так да сябе падкідаючы крышталёвы шарык
з мяне з табою ад цябе да мяне
бясконцае перапаўненне каханнем
нацягненыя паміж двума полюсамі космасу
адчуваем поўніцу ў хвілі пералёту
крышталёвага шара
полюсы таго самага космасу