Яе вобраз я нярэдка параўноўваю з беларускім краявідам. Такі спакойны, монахраматычны пейзаж з карцін Бялыніцкага-Бірулі. Калі-нікалі смех разбірае, - як гэта беларусы, выйшаўшы з багнаў і займаючыся асушэннем тэрыторыі пад будучыя гаспадаркі, не падбалі пра структуру свайго грамадства. І яшчэ не-не ды выдурніваюцца ў досціпах, расказваючы, як Пан Бог, стварыўшы прыгожы беларускі ландшафт і рахманых, памяркоўных людзей, прыйшоў да высновы, што ўсё гэта ці не занадта шыкоўна. І даў ім прэзідэнта, які псуе, што толькі ў рукі возьме. Апошнім часам баюць таксама, як іхні Лукашэнка спадобіўся гонару разам з Клінтанам і Ельцыным паўстаць перад абліччам Бога і даведацца, што праз месяц грымне канец свету. Ельцын і Клінтан вярнуліся ў свае сталіцы і абвясцілі народам, што блізіцца канец свету. А Лукашэнка найперш пахваліўся, што быў прыняты самім Панам Богам, пасля сказаў: «Буду правіць вамі да канца свету».
Але па сутнасці гэтая краіна - пануры закутак віславухага, вільготны і журботлівы.
Яна заўсёды дадае, што, без гор, няшмат чым адрозніваецца ад расчараванай Ірландыі. Дарэчы дадам, што ірландцы дапялі ўсё-такі да вясёлых пабаў з выдатным півам.
Тады яна зацягвае мяне ў «Ракаўскі бровар».
Там, схіліўшыся над куфлямі, услухоўваемся ў шматмоўны гоман - то польскі, то расейскі. Ламанай ангельскай нейкі палітык даводзіць заходнім дыпламатам, што нешта тут можна-такі зрабіць. А яны, слухаючы, недаверліва хітаюць галавою.
Калі ж я хацела вярнуцца да апісання беларускай флегматычнасці, яна фыркнула, што не дужа я ў такіх рэчах разбіраюся. За іх спакойнай натурай - камуфляж. Кожны селянін, не мусова беларускі, гэта чалавек, які хавае свае эмоцыі, нават калі шчыруе, дык знехаця. А між тым за гэтым бушуюць бурныя буры і жарсці.
Заўважыўшы цень іроніі ў куточку маіх вуснаў, яна сарвалася з лаўкі, грукнула аб стол пустым куфлем і запрасіла мяне зараз жа з'ездзіць да аднаго мастака.
Мы выйшлі з рэстарана, азіраючыся, каб злавіць якое аўто. Яна стала на краі тратуара і, махаючы рукою, спрабавала спыніць машыну. Мяне больш не здзіўляе, што лавіць з тратуара прыватную машыну - гэта тут як бы звычайнае скарыстанне паслугі. Нават калі гэта дзяўчына ў кароткай спадніцы, якая познім вечарам вяртаецца дамоў, вадзіцель не падумае пра яе як пра прастытутку. Проста спыніцца, падсадзіць, давязе да дома, возьме з яе колькі там «зайцаў» і будзе мець у салоне на некалькі хвілін моцны пах дзявочай касметыкі. Вядома, не выключаны і іншыя варыянты, але ж такое можа стацца ўсюды.
Тым разам на вуліцы не было задужа людна. Стаім і нічога. Тры цёмныя мерсэдэсы з пярэднімі коламі на тратуары з нявыключанымі рухавікамі. За прыцемненымі шыбамі ледзь можна разгледзець маладыя мужчынскія голеныя твары. Усімі сваімі паводзінамі і выглядам яны будзяць падазрэнне. Зрэшты, можа тут такі стыль, але я стараюся не садзіцца ў такія машыны.
Мы пайшлі ўніз убок Нямігі. Яшчэ цішэй.
Яна прапанавала мне перайсці на другі бок вуліцы і спусціцца ў метро. Мінулага года ў гэтай падземцы загінула паўсотні маладых людзей, затаптаных у панічным ціску пасля майскага канцэрта пад адкрытым небам. На сценах парасклейваныя картачкі з іх прозвішчамі, закапцелыя ад свечак гранітныя халодныя пліты, на якіх задушаныя і спляжаныя твары маладых дзяўчат упісалі свой апошні крык альбо ўздых роспачы.
Калі мы праходзілі міма гэтага трагічнага месца, яна расказала мне, што гісторыя горада пачынаецца з вялікай бітвы на Нямізе. Славянскія войскі сцяліся ў бойцы са славянскімі. Полацак, Кіеў... Няміга са спакойнай рэчкі ператварылася ў крывавы паток. Гісторыя горада пачынаецца з крыві. Цяпер тут няма ракі, засталася толькі назва. Дзесьці пад вуліцамі бягуць каналізацыйныя трубы з брудным струмянём, які ўпадае ў Свіслач.