Сёння першы дзень траўня. «Жалезныя браты» адкрываюць сезон. Палова мірскай моладзі будзе з зайздрасцю назіраць за кавалькадай бліскучых «Harley», «Honda», «Yamaha», што праедуць праз горад.
Я дамовілася, што чакацьму пад Макдональдам а дзесятай, а пасля паедзем у метро да Колі ў далёкі пасёлак.
У бляшаным гаражы Коля разам са сваімі прыяцелямі ўжо шыкуюць машыны на старт. Яна кінула ў мой бок шлем, і я ўжо не ведаю, калі я апынулася на заднім высокім сядзенні аднаго з байкераў. Такіх пасажыраў называюць нажопнікамі.
Шалёная дарога, поўная зласлівых і зайздрослівых вачэй забапал. Дабраліся да Раўбічаў. Алімпійскі цэнтр, прыстасаваны да скачкоў з трампліна з лыжнымі трасамі. Яшчэ дзе-а-дзе на пагорыстай зямлі пляміцца снег. Крыху як у гарах. Хоць ва ўсім гэтым рашуча больш штучнага блізіру.
Калі разміналіся на маторах, я бачыла яе светлыя развеяныя валасы пад шлемам. Усміхалася мне, махаючы рукою і паказваючы нешта вакол сябе.
На ўзгор'і ў Раўбічах Коля спыніў матацыкл каля старога касцёла. Яна сышла з суседняга матацыкла, павярнулася абветраным на травеньскім сонцы тварам да касцельных вежаў. Зрэшты, гэта ўжо не былі касцельныя вежы. На франтонах металічныя дзіды, аздобленыя нейкім савецкім арнаментам. Дабудаваная частка касцёла ўяўляла сабою ўваход у музей.
Яна падала мне руку, каб падцягнуць вышэй угору. З другога боку касцёла цвінтар. Стары каталіцкі цвінтар з беспаралкавым мноствам новых магіл. Праваслаўе ўперамешку з каталіцызмам. Як у прозвішчах, так і выніках пераменаў часу. Касцёл, як відаць з помнікаў, зрабіўся царквою недзе ў другой палове дзевятнаццатага стагоддзя. І апошні праваслаўны святар быў пахаваны ў 1914 годзе. Яго наступнік напэўна не мае ўжо ўласнай магілы.
Ходзячы сярод камлёў і кустоў, знаходзім старыя валуны, уціснутыя сілай часу і забыцця ў цвінтарны грунт. Польскія, расейскія, беларускія прозвішчы. Радца, менскі адвакат, купец, царскі афіцэр...
Ніжэй перад намі цвінтарная дарога ўніз, якою даўно таму назад штотыдня з'язджаліся на набажэнствы навакольныя вёскі.
Мы прыглядваемся адно да аднаго ў гэтым халодным вясновым краявідзе. Зрэдзь часу - да твараў, з якіх так і прамяніцца неабыякая ахвота да пацалункаў. У такія моманты я лаўлю сябе на глыбока прыхаваным ува мне пытанні, ці Яна напэўна тая асоба, за якую я яе маю. Спрабую тым часам хуценька апісаць тое, што ведаю, каб аддзяліць сутнае ад ілюзій. Поўная жыцця, актыўная, піша, матацыклістка, без комплексаў у справах сексу, чытае Генры Мілера і Біблію з роўным захапленнем, спявае харалы на нядзельнай мшы і балады хрыпатых беларускіх бардаў на дымных і п'яных тусоўках. Што ў ёй наймацней ўражвае, гэта нечаканая рэальнасць гэтага спосабу жыцця і адначасова непрыставанасць да постсавецкага краявіду, поўнага пустой папяровай поп-культуры. Абаяльнасць - гэта яшчэ напэўна ж не каханне. Таму я разбіраюся са сваёй дваістасцю - патрафіць сабе любоўю з Маркам і дацца ўладзе жарсці ў стасунках з ёю. Зусім не з прычыны эратычнай натуры ці оргіястычных інстынктаў. Гэта, можа, бліжэй да зносінаў з «fascinans», як сон дзіцяці, поўны нерэальнай матэрыяльнасці, калі яно, атрымаўшы вельмі жаданы гасцінец, засынаючы ў абдымках, гладзіць, туліцца. Гэта як бы спраўляць містэрыю прыўлашчвання свету і па сваёй волі дзяліцца ім - у яго матэрыяльным вымярэнні.
Я трымаю цяпер яе за руку і не ведаю, ці было б тое праўдаю, калі б прызналася ёй у каханні. Напэўна, мы выбухнулі б смехам, бо гэта толькі частка праўды. Бо ля вытокаў нашай дружбы ёсць адкрыццё чароўных светаў, іх блізкасць і спосаб прыёму матэрыі, адчування, дыхання, сузірання.
Я гляджу на яе распраменены ў халодным красавіцкім сонцы твар. Прымружваем вочы. Шчасце наша, што ўдаецца схавацца ад банальнасці жыцця і што ёсць яшчэ ў нас дастаткова гарту, адвагі і рашучасці, каб дапасоўваць вакольны свет да факту нашага існавання.