VII


Я люблю яе кватэру ў цэнтры Менска. І гэта пачуццё супярэчыць маім мяшчанскім кракаўскім прызвычайкам. Праўда, лесвіца няшмат розніцца ад той, якую я з такім задавальненнем пакінула ў Страдоме некалькі гадоў таму назад. Задуха, кухонныя пахі, смурод мачы бамжоў і валацужных п'янчугаў з наваколля. І тыя кракаўскія кашэчыя сцулі, да смуроду якіх так лёгка прывыкаеш, калі любіш жывёлаў. Але ў Кракаве кожная кватэра мела хоць крышку мяшчанскага цяпла. Такога неабходнага эўрапейцу, звыкламу пагарджаць перад сябрамі слабінамі стэпавага воўка.


Масіўныя дзверы кватэры паспяхова адсланяюць яе ад знешняга свету. Пасля некалькіх начных выпадкаў, калі ў дзверы ламаліся п'яныя іншаземцы, памыліўшыся дзвярмі з суседняй вышэй паверхам інтымнай установай, яна пастанавіла сабе забяспечыцца саліднымі і моцнымі замкамі, жалезнай засаўкай і мяккай абіўкай, якая глушыла ўсе вонкавыя шумы.

І тым не меней ноччу з лесвічнай пляцоўкі далятае рэзкі стукат высокіх абцасаў альбо п'яныя крыкі неспатоленых кліентаў.

У калідоры яе кватэры старая мэбля пакрытая цёмнай палітурай, такой моднай у канцы шасцідзесятых, прыгнятае сваёй безгустоўнасцю. Але ўжо пакой, у якім яна праводзіць большую частку жыцця, дае мне адчуванне пэўнасці. Хоць, халодны і поўны пагардлівай, задзірыстай няўкладнасці, ён мае некалькі прадметаў хатняга ўжытку і кніг, моцна абжытых у такой самай эстэтыцы, якую калісьці ў Польшчы апісаў нейкі малады сацыёлаг, высмейваючы хіпі ў доўгіх пацёртых світарах, з акулярамі на носе і прышпіленым на грудзях рэастатам. Што нас яшчэ лучыць, дык гэта яе вялікі альпінісцкі заплечнік у куце за шафай і заквэцаныя боты. У Беларусі цяжка з гарамі, а ейную любоў да вылазак у Судэты і Татры пацвярджаюць шматлікія здымкі, хаатычна развешаныя над сталом і кніжнай паліцай.

Калекцыя кампактдыскаў дае ўяўленне як пра добрую музычную адукацыю, так і пра малады ўзрост. Ад Баха, Скарлацці праз Равэля, Стравінскага, Шапэна аж да найноўшых дыскатэкавых хітоў. Іншая рэч, што даступнасцю гэтай моднай прадукцыі можна заўдзячваць пірацкаму бізнесу і нізкім цэнам. Заўсёды, як я прыязджаю ў Кракаў, усе мае знаёмыя карыстаюцца маімі запасамі навінак CD без якіх-колечы азнакаў пачуцця віны.

Калі я гляджу ў высокія старыя вокны, поўныя духу сталінскага класіцызму, як і ў большасці гэтых камяніц у цэнтры Менска, мяне забірае ўражанне, нібыта я пабывала ў Новай Гуце. З аднаго боку адчуванне чужароднасці, нават варожасці, з другога - усведамленне, што навокал напэўна ж бо жыве шмат цікавых людзей і яны трактуюць гэтую архітэктуру не як божае дапушчэнне, а як месца адыходу ад навыкаў нянавісці і непрыхільнасці да непрыязнай прасторы.

Нехта сказаў мне, што ўвесь цэнтр Менска будавалі ваеннапалонныя вермахту пасля прайгранай вайны. Напэўна ж яны адшкадавалі сабе страчаныя месяцы лагернай бяздзейнасці і галодных пайкоў працай у сваіх прафесіях. З прускай рамесніцкай стараннасцю яны выконвалі заданні савецкіх недавучаных дойлідаў.

З яе вокнаў я цяпер азіраю гэты «навагутны» Менск. Найбольш люблю глядзець на тусоўкі каля Макдональда. Тут найбольш праяўляецца значэнне гэтага слова. Тусоўка - гэта спроба наладзіць грамадскія сувязі з апораю на бачанне і павярхоўны дыялог. Нешта як калода картаў, тасаваная спрытнай рукою абавязковай моды. Дзяўчаты какетнічаюць, хлопцы ж тут дужа крутыя.

Тусоўка пад Макдональдам, бадай што, найважнейшае месца ў цэнтры, дзе можна ўмовіцца пра спатканне, выпіць альбо зайсці ў падземны пераход і там пад гукі разладжанай гітары і хрыпатых песенек Чыжа купіць газету, каб даведацца, як там бацька - ці не прыдумаў якога дэкрэту супроць тусовак.

Неяк бацька ўжо быў папракнуў, што на адкрыццё «закусачнага бара», гэтага сімвалу амерыканскага імперыялізму, прыйшло зашмат моладзі, занаджанай таннымі гамбургерамі. Але я зразумела гэта неадольнае жаданне мець кавалачак Амерыкі дома, калі пачула расказ, як на пачатку дзевяностых менскія дзяўчаты ездзілі начным цягніком у Маскву, каб прывезці адтуль пластмасавы ці папяровы кубачак, упакоўку з-пад бігмаку ці яшчэ якое падобнае смецце.

Прыгадаліся і ўспаміны аднаго асістэнта ў нашым інстытуце, як за пару джынсаў ён колісь прывозіў з Масквы залатыя абручыкі і масіўныя пярсцёнкі з жахліва дарагімі камянямі. Амерыканскі міф у цане золата.

З нядаўняга часу пад менскім Макдональдам выгульваецца патруль АМАПу. Кантралююць паводзіны моладзі, зганяюць з гранітнай балюстрады, забараняюць пляваць на тратуар, правяраюць дакуманты. Бацька чувае як Старэйшы Брат.

З другога боку яе кватэры адкрываецца панарама не надта маляўнічага царства КДБ, пракуратуры, МУС і чагосьці там яшчэ. Вокны гэтых ўстановаў палохаюць тупымі і бяздушнымі правалінамі як і распасвеныя квадратныя храпы іх гаспадароў, перакананых у сваёй усемагутнасці і моцы.

Пад вокнамі бліжэй да яе кватэры ў невялікім будынку маса ахоўнікаў ці пажарнікаў, якія выдаюць пасведчанні пра адпаведнасць забеспячэння бяспекі абавязковым цыркулярам.

Невялікае святло на вежы самага высокага будынка-дамінанты КДБ нагадвае стары савецкі анекдот пра тое, як адзін тутэйшынец хацеў упэўніцца, ці сапраўды гэтая фірма чувае, і са смехам назвоньваў туды сярод ночы, пытаючы ў дзяжурнага, чаму яго, грамадзяніна, яшчэ не павязалі. Пасля трэцяга званка ён адчуў на сваім плячы лёгкае паляпванне далоняй і, збялеўшы ад перапуду, убачыў некалькі суворых мужчын у скураных плашчах.

Цяпер скураныя плашчы замянілі скуранымі курткамі, «скуранкамі», як тут кажуць, часцей за ўсё са стамбульскіх рынкаў. Адтуль павёўся турэцкі ўклад у развіццё сіл бяспекі Беларусі. Калі а шостай людзі выходзяць з працы альбо ўдзень на абедзены перапынак, увесь цэнтр і наваколле яго стракаціць панурымі абліччамі ўсякіх тыпаў у скуранках.

Мы стаім каля акна. Я спрабую вытлумачыць ёй свой стан. Страх і ўсё большая і большая хваля рашучасці, гатоўнасці змагацца з гэтым брутальным і ліхім светам. Здалёку мы бачым, як тамтэйшы муэдзін на сваёй вежы круціцца каля пісьмовага стала, скупа асветленага агеньчыкам лампадкі. Святло падае амаль на нашыя твары, хоць адлегласць даволі вялікая. Яна абняла мяне. Я адчуваю прыемны пах яе скуры. Валасы асыпаюць мой твар.

Нечакана яна кажа, што, пачакай хвілінку, яна пераапранецца ў нейкі адмысловы прыкід. Знікае ў калідоры, і я чую, як яна дастае з шафы ўбранне. Падыходжу бліжэй - яна перад люстрам здымае блузку і спадніцу. Які цудоўны бюст. Я кажу ёй камплімент, а яна крывіцца, - ай, кінь! - гэта ёй, бач, не да густу. Надзявае бардовую блузку, спадніцу, абувае туфлі на высокіх абцасах. Становіцца перад мною. Такая прыгожая, страшна прыгожая. У вачах чарцяняты, сіне-шэрыя. Матухны, колькі ж бо ў ёй сексуальнасці! Падыходжу яшчэ бліжэй, пагладжваю яе валасы, рукі, сцёгны, і неспадзявана мы ныраем у вірлівую прастору, дзе адкрываецца нешта такое, што ў нас наймацнейшае і не дае зважаць ні на якія рэляцыі і справаздачы, быццам мы былі часткай гэтага грамадства, гэтага горада, часу, зацятасці і граных у ёй роляў. З той самай сілай адначасова з нас абедзьвюх вызваляецца нейкая энергія, якая пазбаўляе нас усякай улады. Яна кідае нас на канапу, на ложак. Прымушае дакранацца да цела ў найбольш інтымных месцах. Яна праводзіць далоняй пяшчотную лінію па ўсіх самых далікатных стацях, на стыку цела і псіхікі, душы і фізічнасці. Мы качаемся па падлозе, ахопленыя хваляй дзікай жарсці. Пацалункі, уздыхі і стогны. Валасы сплятаюцца, рассыпаныя недзе паміж шыяй, далонямі, адзеннем і бялізнай. Мы абедзве ўзрушаныя гэтай сітуацыяй і штохвіліны са здзіўленнем прыпыняемся, каб паглядзець адна адной у вочы. Як бы з пытаннем, ці гэта праўда, ці такое магчыма. Але целы далей, нібы незалежна і без нашага ўдзелу граюць сваю ўласную мелодыю, паводле толькі ім вядомага рытму. Не ведаю, колькі гэта доўжыцца. Можа, некалькі хвілін, можа, гадзіну. Вяртаемся і зноў кідаемся ў тыя самыя рытмы, якія ўзмацняюць і без таго вялікі ўздым. Яна раптам выбухае мне ў твар стогнам асалоды і радасці. Я адчуваю гарачую хвалю яе энергіі, якая выліваецца на мяне і даводзіць да знясільнага аргазму. Мы цалуемся гэтак сама палка, цалуем твар, грудзі і гарачую скуру на ўсім целе. Потым хвіліну ляжым без руху, без духу, каб пасля перабрацца на тапчан. Я зноў гляджу на акно ў бок святла з суседняга дома. Там наш кат за кадэбэшным сталом спрабуе прывесці нас у нармальны стан. Допыт працягваецца. А мы хаваем свае целы пад коўдрай, накрываючы ёю свой перапалох альбо пагарду і бяссіласць супроцуь гэтага мужчынскага свету.


Загрузка...