XXІ


На другі дзень я ішла міма каталіцкай катэдры ў Менску. І нечакана ўявіліся мне розныя вобразы з яе і майго жыцця, якія акурат у той момант спляліся на аснове асацыяцый, што паўставалі з паху, формы, святла... Была свежая, здаровая раніца, каля французскай амбасады чарга людзей па візы. Распускаецца зелень, чыноўнікі спяшаюцца да сваёй офіснай гультайшчыны.

Валакуцца па магазінах бабы, з яркімі ранцамі за плячыма падскокваюць дзеці. На краі тратуара ловяць мжаку распырскванай палівачкай вады і льснянай нізка над асфальтам вясёлкі. Цыгаюць цераз струмяні і мокрыя з гуллівым галёканнем высокваюць на свежа адпрасаваныя штаны кадэбістаў, якія спяшаюцца на працу, ці на пракурораў з нэсэсэрамі.

Вясновы гумор вярнуў мяне ў час, калі я здавала экзамены, і цяпер, праходзячы міма катэдры, я ўспомніла, як колісь перад школай забягала ў касцёл.

Я павярнула і зайшла ў халодны бабінец катэдры. Перажагналася і рашыла з хвіліну памедытаваць, выклікаўшы з глыбіні душы добра знаёмыя прыемныя асацыяцыі, якія ў ліцэйскія гады акрылялі і давалі надзею на скарэнне свету. Чаму касцёл так моцна асацыіруецца намі з занядбаннем цела і ўсёй яго змрочнасці?

Калі ў адзін снежаньскі вечар я зацягнула яе ў катэдру на канцэрт латышскага хору, яна расказала мне гісторыю свайго ўпадабання да каталіцызму.

Я здзівілася, што яна не ўхваляла сваіх праваслаўных каранёў. А можа, гэта не толькі выбар, можа, нейкае вяртанне. Да той традыцыі ў сям'і, якую паспяхова шмат гадоў з яе выціскалі. Яна прызналася мне тады, што, хоць мала моліцца і рэдка заходзіць у касцёл, але тут у каталіцкай катэдры пачуваецца лепей, чым у царкве. Калі хадзіла ў апошні клас сярэдняй школы, з класам паехалі на экскурсію ў Нясвіж. Там настаўнік неафіцыйна і па-за праграмай завёў іх у мясцовы касцёл. У старадаўнім памяшканні яна першы раз убачыла ксяндза ў сутане, старэйшага пробашча. Яны агледзелі крыпт з трунамі і парэшткамі Радзівілаў. Гэта быў для яе сапраўдны цывілізацыйны шок. Дакранулася да свету, які сядзеў у ёй недзе глыбока падыспадам, як сум па стагоддзях і вяках, як вернутая памяць, як працяг забытай легенды. Нягледзячы на страчаную здольнасць некалькіх тутэйшых пакаленняў да камунікацый з продкамі і іхняй гісторыяй, нешта немінушчае, вечнае нагадвае, што незалежна ад знешняй часовасці і праху мінулых шчэнтаў, замкнутых у цынкавых дамавінах, нехта і далей пануе і ёсць прысутны. Гэта не толькі княскія радзіны, але і намацлівае адчуванне сапраўднай гісторыі прывяло яе да рэлігіі.


Яна рашыла праз некалькі тыдняў вярнуцца ў Нясвіж адной, каб мець час на нешта, для чаго яна не знайшла таго разу ніякага наймення. Прыехала на пачатку вакацый і спатканаму раней на школьнай экскурсіі старому ксяндзу без лішяга роздуму прызналася, што хоча ахрысціцца. Ксёндз даў ёй катэхізм, сказаў навучыцца ісцінаў веры і прыехаць праз два месяцы. Яна старанна вывучала ўсё падчас вакацый, нарабіўшы сенсацыі на ўвесь дом. Маці з праваслаўнай сям'і і няверная камуністка напачатку незадаволена крывілася. Затое бацька, якому раптам успомніліся з дзяцінства бабуліны каталіцкія малітвы, глядзеў на яе самастойны выбар з кепска прыхаваным подзівам.

Хрост адбыўся 15 жніўня, і вярнулася яна пасля яго шчаслівая і акрыленая, нібы нарадзіўшыся для новага жыцця. Аднак пазней захопленасць прытухла, калі яна аднаму ксяндзу наіўна адказала на пытанне пра кантрацэпцыі і адносіны з жанатым мужчынам. Ён прагнаў яе са спавядальні, і яна на некалькі гадоў паспяхова забылася пра свае рэлігійныя патрэбы.


У той снежаньскі вечар яна прызналася мне, што ў яе жыцці з'явілася нешта накшталт тугі, перамяшанай са страхам нерад Нічым. Назойлівая думка пра недахоп асноваў у жыцці схіліла яе да размовы з ксяндзом, які выйшаў за рамкі літургічных фармулёвак і мала што не прымусіў яе да споведзі, якая закончылася адпустам грахоў. Калі яна расказвала мне пра гэта, мы якраз ляжалі ў ложку, і я недаверліва спыталася, ці не расказвала яна ксяндзу таксама і пра наш грахоўны цялесны саюз. Яна пырснула смехам і сказала, што я дробязная.


Так, яна мае рацыю, але не ведае, як у нас у Польшчы ксяндзы ўмеюць утаптаць інтымнасць у сямы сяродак споведзі. Мая прыяцелька аднаго разу выбралася ў Чанстахову і расказала, як ксёндз задыханым голасам выпытваў у яе ў канфесіянальнай будцы пра ўсе падрабязнасці анатамічных зносінаў. Калі настырнымі пытаннямі ён дачлапаў да самага аргазму, яна выліла яму шчырую праўду, што любіць глытаць сперму. Ён там за краткамі бурчаў і не верыў, але калі яна ўжо з іроніяй і як бы на злосць закінула пра анальныя фігурацыі, ён бязрадна ўздыхнуў і замоўк. Яна падумала аж, ці не самлеў небарака. Заглянула да яго ў канфесіянал, каб пераканацца, што яшчэ жывы. Ён толькі міладушна ўсміхаўся і тэатральным шэптам папрасіў, каб выйшла з касцёла. Пры гэтым бездапаможна махаў рукамі, як купец на рынку, паказваючы, што ўжо аніяк больш не можа нічым паступіцца ў цане.


Яна тым часам тут у Менску сустракае талеранцыю, якая заходзіць так далёка. Аж мне верыць не хочацца. Мусіць, нафантазіравала на агульнасцях і недамоўках. Рыхтык, бы ў царкве.


Загрузка...