VIII


Неспадзявана пасля нашай працяглай начной размовы яна дала мне сшытак з запісамі. З таямнічай усмешкай паведаміла, што гэта дазволіць мне крыху лепей зразумець яе ўнутраны лад.

Я ўзялася чытаць з пэўным подзівам. Крыху ў гэтым успамінаў, вершаў, малітваў, паэтычнай прозы, выпісак з іншых кніг - яе любімага чытва. Ёсць таксама фрагменты нейкіх яе артыкулаў, ці эскізаў і чарнавікоў. Яна згадзілася, каб частку тых тэкстаў я пераклала.


Калі я пачынаю разважаць пра свабоду, я думаю пра абмежаванні, якія не дазваляюць мне адчуваць сябе свабоднай. І тады я задаю сабе пытанне - калі ж я свабодная. Чаму апынулася тут і цяпер, у гэтым часе і прасторы. Разваліўся Савецкі Саюз. Для маіх бацькоў гэта быў сур'ёзны дыскамфорт. Маці камуністка, бацька разважлівы патрыёт, які па начах слухаў «Радыё Свабода». Абое рашылі прыняць гэту новую рэчаіснасць і ўступілі ў нейкі кааператыў, які даваў хуткія і неблагія грошы. Адчулі свабоду і дастатак. Але адначасова і няўпэўненасць - ці ўдасца так далей утрымацца. Бо ў перспектыве ўсё ж пенсія і невядомы лёс. Маці пачала даваць збоі ўжо ў 1994 годзе перад выбарамі прэзідэнта. Нават угоньвалася з улёткамі, каб людзі ў нашым доме галасавалі за Лукашэнку. То былі класічныя ўцёкі ад свабоды. Бацька пасля паражкі БНФ адышоў ад палітыкі. Яго свабода таксама зазнала плягі.

А для мяне, нягледзячы ні на што, быў гэта свет знешні, з нічым я сябе не атаясамлівала. Ніякай палітыкі, ніякіх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцінстве ў мяне быў любімы дзядуля, які ўвёў у мяне тую вялікую легенду пра вайну з фашыстамі, вайну за вялікую святую справу. У сярэдняй школе ўсё гэта адбілася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калі я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялі ў Афганістан на вайну санітаркай. Калі сёння я чагосьці саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога ніхто з самых блізкіх не мог альбо не хацеў паправіць. Бо пазней і зусім ненаўмысны міф пра высакародную вайну аказаўся містыфікацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скінуты з парашутам камісар НКВД. І зусім не ваяваў з фашыстамі. Пасля вайны невядома чаму некалькі гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цікавіцца падрабязнасцямі.


Але ўсе мы, мусіць, былі такім суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля і сістэматычна пяклі нейкі хлеб, прасавалі ідэалагічныя пляцкі з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механізмаў.


Адна мая знаёмая з мястэчка Беразіно сваім часам была добрай, пачцівай і гарачай камуністкай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калі ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькі Савецкі Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзіла. Паўгода хадзіла сама не свая. Страціла працу ў райкаме, з ёю перасталі лічыцца. Аднаго вечара яна кінулася ў плыні ракі з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулі яе ў апошні момант. Ляжала ў бальніцы, лячылася больш года, і тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзілася пісаць вершы. Праз суседку запазналася з каталіцкім ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.

Калі я гляджу на такі лёс і думаю пра свабоду, адчуваю нейкі фальш і няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкі выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сілу быць унутрана моцнай і добрай для іншых.


Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер ніхто мяне больш не ашукае, як мільёны гэтых бедных савецкіх грамадзян, кормленых ідэалогіяй, надзеяй, хлуснёй і страхам. Няма мне месца ні ў якой структуры. Адусюль, дзе толькі прыкмячаю хоць бы які след складзенай кімсьці рэчаіснасці, я выкоўзваюся, уцякаю і шалею як у прыступе клаўстрафобіі. Замкнутая, усю сваю энергію трачу на планаванне ўцёкаў і ўжо калі вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны і жывасны, чым увесь той спакой і ўнармаваная існасць, да якой мяне дапасавалі.


Загрузка...