Яна запрасіла некалькі асобаў да сябе на хату. Я падыходжу да дзвярэй і чую ўжо гоман усярэдзіне. Гарачая гаворка, павышаныя дзявочыя галасы, фамільярна- грубаваты мужчынскі смех. Званю. У дзвярах адна з яе прыяцелек - Света. Вітаемся, і яна ўцягвае мяне ў самую сярэдзіну забавы. Коля расказвае анекдоты пра новых расейцаў. На тапчане раскошна расклалася, як котка, Аня. У яе ў нагах у пазіцыі лотаса задуменны Віктар. Некалькі дзяўчат, якіх яшчэ не ведаю.
У тытунёвым тумане точыцца музыка Майлса Дэвіса. Хлопцы пацягваюць гарэлку, запіваючы бярозавікам з пяцілітровага слоіка. У дзяўчат у руках шклянкі з чырвоным віном.
Каця распавядае гісторыю сваёй сяброўкі. Яна юрыстка, якой трэба прайсці пераатэстацыю ў пракуратуры. Некалькі месяцаў яна вяла зацяты бой з шэфам раённай пракуратуры, які, як пляткарыць цэлы Менск, мае звычай усіх жанчын, службова яму падначаленых, прапускаць праз свой ложак, у каморцы кабінета альбо на службовым стале. Як дзяўчына прывабная, маладая юрыстка адразу трапіла ў поле яго цікавасці. Спачатку намёкі былі толькі назойлівыя. Пасля зрабіліся агрэсіўнымі і перайшлі ў адкрытую правакацыю і брыдкія славесныя прапановы. Яна адчувала сябе то заклапочанай, то няўпэўненай, а пазней толькі зацкаванай. І тут з яе жаночага цела раптам вынырнула мужчынская прырода драпежніка і чалавека вайны. Яна рашылася на цвёрдую канфрантацыю. Адмова сужыцця - дэманстрацыйная і адназначная - вызваліла ў шэфе агрэсію. Ён на кожным кроку даводзіў ёй, што яна бяздарная няўмека, няздара, і пасада пасля стажыроўкі ёй не свеціць ніякая. З яго сувязямі і магчымасцямі ў Менску такое было верагодна. Але яна рашыла бараніцца. Збудавала цэлую сістэму хітрых барыкадаў і завалаў. Працавала інтэнсіўней, чым яе калегі. Шмат працы забірала дамоў. Сядзела начамі. Некалькі разоў публічна даказала большую абазнанасць у правілах і прадпісаннях, чым сам шэф. Рамкі іх супрацьстаяння, уся арэна бітвы сталася відавочнай усім супрацоўнікам. За яе «балелі» ў гэтым няроўным паядынку, і праз некалькі месяцаў перманентнага стрэсу яна выйграла. Атрымала лепшую пасаду ў больш высокай інстанцыі, а прапановы працы ўжо сягалі па-за магчымасці супрацьдзеяння начальніка. Разышліся як у тыповым амерыканскім фільме. У апошні дзень яна надзела найбольш сексуальна прынадную спаднічку, якую толькі мела, зрабіла кідкі макіяж, надушылася добрай парфумай, якая ўзмацніла яе правакацыйную ўпэўненасць у сабе. Выходзячы з яго кабінета, яна зведала, бадай, ці не найбольшую ў жыцці эратычную сатысфакцыю. Адчувала на сваіх стацях яго ліпкія і галодныя вочы. Як моцна павінен быў ён высільваць сваю прытупленую лёгкімі здабычамі фантазію, каб усвядоміць, як бы яно тое магло быць, калі б мацаў яе пальцамі.
Аня глядзіць на Кацю, на мяне, на Свету і, размашыста жэстыкулюючы, даводзіць апавядальніцы, што Святлана Алексіевіч, аўтарка «Чарнобыльскай малітвы», якраз піша кніжку пра любоўныя афёры і скандалы ў Менску - ёй мусова трэба прадаць такую пікантную гісторыю.
Яна адчувае, нібыта гэтая аповесць мела быць чарговай крэпасцю альбо помнікам неахаванай цноты большасці ўпакораных і затурканых дзяўчат, якія з наіўнай прастадушнасцю хутка аддаюць сваё цела многім мужчынам, не зважаючы на тое, што шмат каго з іх ад самай хвіліны спаткання і першага цалунка точыць чарвяк знуджэння, борзда паглынаючы найбольш высакародныя парыванні і мары пра сапраўднае каханне.
Аня прывыкла гаварыць нам, што секс - гэта яшчэ не повад для знаёмства. Аднаго разу яна так адрэзала аднаму байкеру, з якім толькі што пазнаёмілася і якому дазарэзу зарупела паўтарыць казачную ноч.
Света перабіла Аню і адказала гісторыяй, як яна не магла адчапіцца ад настырнага хахаля. Яму мала было таго, што яна не прыходзіла на прызначаныя спатканні, што ў канцы сказала яму, быццам спіць з іншым. Ён быў паслядоўны і цвёрда руляваў да мэты. Нарэшце ёй прыйшло ў галаву, і яна патлумачыла яму, што не можа быць з ім далей, бо ўступіла ў рэлігійную секту, якая вымагае ад яе цноты. Падзейнічала. Хлопец уважліва агледзеў яе прамяністыя, радасныя вочы неафіткі і адчаліў.
Гаспадыня кватэры заняла зручнае месца каля Дзімы - менскага барда, які паглынаў мора гарэлкі і спяваў па-беларуску балады ў стылі Высоцкага. Пашарпаны, ахрыплы Дзімаў голас патрапляе ўвесці нязвыклы настрой на любой імпрэзе. Цяпер, зацягваючся дымам танных цыгарэт, ён самазабыўна ёй нешта тлумачыць, для большай пераканаўчасці трымаючы яе за далонь. Нібы хацеў у доказ праўдзівасці сваіх слоў паказаць свае стыгматы на згіне запясця ці на пажоўклых ад тытуню нязграбных пальцах. Я адчула балючы прыступ зайздрасці. Зноў вярнулася да мяне тая хвіля з піццэрыі, калі я старалася ўразумець, у чым прычына такой рэўнасці. Мая рупнасць дала незвычайны плён. Праз нейкі момант, калі яны ў разгары цікавай балбатні трымаліся за рукі, у мяне мільганула подумка, што мне якраз не хапае менавіта той грубасці, якая яе прыцягвае ў хлопцах. Шмат дзяўчат паддаецца зачараванню, калі яны бачаць дыспрапорцыю паміж духам, інтэлектам чалавека і яго нязграбным, брыдкім целам. Далікатная бабская натура цягнецца да гэтага, як дасведчаны розум да сферы profanum. Гэта траха як з павабнасцю сілы каня, калі натуральны пах поту, стайні, дотык грывы і паралізуючая велічыня спрычыньваюць нявысветлены выкід адрэналіну ў арганізме.
Я бачу, як у запале размовы Дзіма прыціснуў яе да сябе і абое выбухнулі гарэзлівым смехам. Я спрабую сіламоц рацыяналізаваць сваю рэўнасць, але марна. Не вытрымліваю і ўстаю, іду на кухню. Выцягваю Віктара на адмысловую размову, каб прыглушыць знерваванасць, якая пачала нарастаць ува мне. Баюся гэтай успышкі ўнутранага разладу, бо часам яна ўвасабляецца ў форму асавелай дзяўчынкі-падлетка, узбунтаванай, але напружана прыціхлай. А ў такім стане я не люблю сябе яшчэ больш.
Віктар, мабыць, зразумеў мой узважаны гумар, але з размовы я зрабіла сабе выснову, што ён думае, быццам гэта я хацела быць з Дзімам і мая ўдаваная задаволенасць - толькі эфект звыклай гульні дзвюх дзяўчын на хлопца. Такая здагадка развесяліла мяне. Я дазволіла Віктару пацешыцца, калі ён пачаў знеахвочваць мяне да Дзімы, нядбала махаючы рукою, даказваючы, што гэта стары балбатун, круцель-муцель і прыброд без роду і племя. Сапраўдны расейскі бомж, валацуга і алкаш, якога немагчыма не любіць, але з якім трэба трымацца пэўнай дыстанцыі. Дзіма сам з Новарасійска, бацька яго быў вайсковец, прысланы ў Баранавічы на службу. Тут Дзіма скончыў школу, паступіў вучыцца ў Менск і на хвалі нацыянальнага адраджэння перайшоў на беларушчыну. Паслядоўна патрыятычны беларускі расеец. Гэта гучыць ідыятычна, але я з ім згаджаюся, што сама па сабе з'ява нагадвае сіроцтва, пры якім больш заходзіцца пра патрэбу асталявацца ў прасторы, якую мы самі сабе выбіраем. Віктар расказвае яшчэ падобны прыклад - у БНФ ён ведае аднаго такога зацятага патрыятычнага беларускага армяніна, які на ўсіх дэманстрацыях ідзе ў першых шэрагах з беларускім сцягам.
Я закурыла цыгарэту, што здараецца ў мяне досыць рэдка. Віктар з запалам расказваў яшчэ пра калатню ў Саюзе пісьменнікаў. Праз хвіліну мы вярнуліся ў пакой, дзе ўсе ў падагрэтай атмасферы і ў змроку ўгаворвалі Дзіму паспяваць. Той пацягнуўся па гітару і ўсіх раскалыхаў моцнымі, гучнымі баладамі пра свае беларускія сцежкі і сяброўствы.
Я бачыла ў яе вачах зачараванасць Дзімам. Можа, мне было прыкра не з зайздрасці, а хутчэй з той прычыны, што я зразумела, - гэты неахайны бард не варты яе дружбы і пакланення.
Калі пад поўнач імпрэза прыгасла, я патэлефанавала і заказала таксі. Прыехала дамоў, дапіла на кухні са шклянкі рэшту піва. Доўга сядзела ў ванне, збіраючы думкі пра Яе. Не магу сабе вытлумачыць, адкуль выцякае крыніца майго захаплення Ёю. Накінула на разагрэтае і мокрае цела фланелевую начную кашулю. Увайшла ў цёмны пакой, дзе ў цёплым ложку знайшла разаспанае, сонннае цела Марка.