Я патэлефанавала праз некалькі дзён. Размова як з даўняй знаёмай. Яна папрасіла зайсці да яе на кватэру ў цэнтры. Падала дакладны адрас і код да дзвярэй у пад'ездзе. Гэта як выдача сакрэту ці доказ даверу. Дамафоны ж у гэтым горадзе кепска альбо ўвогуле не працуюць.
Я прыйшла таго самага вечара, прыхапіўшы ў прэзент бутэльку чырвонага віна і некалькі дыскаў з джазам, крыху польскага, крыху амерыканскага.
Слухаючы Колтрэна, пацягвалі віно. Я ўпершыню слухала Томаша Станьку, і мне падабалася бачыць на яе твары ўхвалу і замілаванасць. Пасля на кухні зрабілі сабе нешта на перакуску. І неяк само сабою гамана і гамана...
І ўжо з першых хвілін я пацэліла ў самую нутробу яе настрою. Ёй трэба было з кім-небудзь падзяліцца сваім. І мусова каб з кімсьці звонку. Не цяжка было вычытаць з яе твару, што далягаў ёй нейкі клопат. Праз гадзіну мы ўжо пачуваліся даволі блізка. Як наладжаныя на прыём унутраных вібрацый апараты. Я пачала падкідаць ёй кампліменты пра яе здатнасць, глыбокі і радасны позірк, пра славянскую душу, пра смутак, прыхаваны за гэтай знешняй маскай, якая не вельмі шчытна прыкрывае настальгію і адчуванне няпэўнасці ў сваім лёсе. Я папрасіла, каб яна дазволіла мне дакрануца да яе валасоў. Яна не зрабіла ніякага жэсту нязгоды, але цэлы той час трымала ў сабе вялікі зарад недаверу да мяне, што спрычыніла ўва мне пачуццё няпоўнай раскаванасці. Я пасмяялася, што, бач, спрабую завесці яе, а яна вось вельмі ж чуллівая што да кампліментаў і недаверлівая. Калі хтосьці табе ўточыць камплімента, значыцца, - пачынае гульню, хочучы змусціць альбо падкупіць.
Прыглядваліся мы адна да адной доўга. І тады яна пачала мне спавядацца. Да гэтага часу ў жыцці яна, бадай што, не спаткала яшчэ чалавека, які разумеў бы яе і прымаў з усёй авантурнасцю яе натуры, неспакойнай і поўнай вар'яцкіх паваротаў і заскокаў. У асяродку ўсяго гэтага яна часта разбівае сабе галаву, спрабуючы вырвацца з рамак і прынятых тут шаблонаў.
Яна даводзіла, што ў адносінах паміж людзьмі найбольшая праблема - няшчырасць з сабой, што спараджае хлусню, выкруткі, ашуканства.
Яе папярэдні муж, якому пасля трох гадоў шлюбу і апошняй бурнай начы ў ложку яна паказала на дзверы, не здолеў унаравіць яе фантазіям і жаданням. Найбольш дакучала ягоная рэўнасць да ўяўных, а зрэшты, і рэальных раманаў. Але пры гэтым ён перастаў цікавіцца ёю і адстаўляў яе ўбок як рэч, якая сталася ягонай уласнасцю і не вымагала адмысловай штодзённай увагі.
Расказала, як аднаго разу ўвечары пасля году шлюбу ён прынізіў яе, з паблажлівай літасцю заглядваючы ў яе пажадлівыя вочы, пасля чаго груба раздзеў яе і холадна, іранічна пазіраючы ў твар, растрахаў яе без ніякае асалоды. Выліў з сябе сперму і адкінуўся ў крэсла з той самай пакеплівай ухмылкай. Нешта ў ёй прарвалася, зламалася. Адчула, што гэта якраз той момант, калі ведаеш, дзе канчаецца цярплівасць і пачынаецца адчужэнне альбо нават нянавісць. Можа, гэта была і трапная нагода, каб драматычна пакласці крэс жыццю ў клетцы, якое называецца шлюбам. Яна спакойна надзела сваю самую лепшую сукенку, зрабіла кідкі макіяж, уступіла ў туфлі на высокіх абцасах і, заняўшыся добрай парфумай, змеціла ў люстры прыходжай яго ўражаны твар. Гэта была першая частка яе сатысфакцыі. Другая настала, калі вярнулася пад раніцу і ўбачыла, як ён шалее ад злосці. Спачатку стрымліваўся, а тады выліў з сябе цэлы цэбар брудных і ліпкіх слоў. Яна не сказала яму, што правяла ноч, задаўшы гвалту сваёй натуры, з першым лепшым добра ўбраным госцем, якога падчапіла ў італьянскім бары на Нямізе. Пазней яны пайшлі ў гатэль і пілі да поўначы, забаўляючыся непрыстойнымі размовамі. Спачатку госць думаў, што мае справу з прастытуткай. А калі зарыентаваўся, што тут не заходзілася пра заробак, узяў яе ў саўну і, салідна ўпіўшыся, не ўпораўся засмычыць яе. Яна пакінула яго спаць на кушэтцы ў нейкі салоніку, знятым за некалькі сотняў даляраў, і вярнулася дамоў першым ранішнім аўтобусам, атрасаючы з сябе гідлівыя позіркі менскага пралетарыяту, які паслухмяна вырупіўся на першую змену.
Яна адчула сябе чыстай курвай-адорвай, і рыхтык гэта пацвердзіў муж, шкумутаючы і раскідаючы яе вопратку. Дзякуючы створанай сабою ж сітуацыі, яна са спакойным сэрцам пачала вызваляцца ад абрыдлівага ўсведамлення: прадмет - уласнік.
Сужэнства гэта пакута
як кожная іншая
дзе ад слодычы і цяпла
вібруе ў зубах метафізічны страх
Прыгледзьмася да сябе
на ростані дарог
здзіўленыя кпінамі лёсу
у здзеклівасці дакрананняў і рук
адвярнуўшыся сыходзім упрочкі
Сужэнства гэта пакута
у трыбуху Левіяфана
шукаем суцяшэння
хоць трохі нязмушанай радасці
разнапружання
не трэба затурзвацца думкай
што труціць нас жахлівы магут
Сужэнства гэта пакута
ў біблійнай арцы
калышамся на бязмежных акіянах
безнадзейна чакаем ацалення
спазматычны лямант розуму
адрываецца
заносіць
высока
Наіўна мы думаем
што гэта птушка ляціць